У Расіі памерла экстрасэнс Джуна Давіташвілі
Перад гэтым яна два дні была ў коме.
Расійскія СМІ паведамляюць, што ў Маскве памерла вядомая лекарка-экстрасэнс Джуна Давіташвілі. Да свайго 66-годдзя яна не дажыла літаральна паўтара месяца.
Пра смерць Джуны напісаў на сваёй старонцы ў "Жывым журнале" яе сябар актор Станіслаў Садальскі: "Два дні Джуна была ў коме, сёння яе не стала". Садальскі паведаміў, што Джуне стала кепска некалькі дзён таму, калі яна выйшла з дому ў краму па прадукты. Пасля гэтага яе забрала "хуткая дапамога". Таксама Садальскі дадаў, што нейкі час таму Джуне рабілі аперацыю ў сувязі з праблемамі з цыркуляцыяй крыві.
Джуна (Яўгенія Ювашаўна) Давіташвілі нарадзілася ў 1949 годзе на Кубані. Акрамя лекарства займалася маляваннем, пісала вершы і апавяданні. Была прэзідэнтам Міжнароднай акадэміі альтэрнатыўных навук.
Сярод яе пацыентаў называюць такія вядомых асобаў, як Леанід Брэжнеў, Ілля Глазуноў, Роберт дэ Ніра, Марчэла Мастраяні, Андрэй Таркоўскі, Федэрыка Феліні ды інш.
У 2001-м годзе Джуна страціла адзінага сына. З таго часу яна больш не магла лекаваць і жыла самотна.
Фота — mk.ru