У Расіі разбіўся самалёт стратэгічнай авіяцыі — быў збіты, кажуць у Кіеве
Абломкі самалёта
У Стаўрапольскім краі разбіўся самалёт Ту-22М3 ВПС Расіі. Спачатку ў сетцы з'явіліся кадры падзення пылаючага бамбардзіроўшчыка, а затым інфармацыю пацвердзілі ў расійскім вайсковым ведамстве. Там паведамілі, самалёт пацярпеў крушэнне пасля выканання баявой задачы пры вяртанні на аэрадром базавання, і дадалі, што прычынай падзення папярэдне стала "тэхнічная няспраўнасць".
У паведамленні расійскага вайсковага ведамства таксама гаворыцца, што лётчыкі паспелі катапультавацца. Тры члены экіпажа знойдзеныя, іх адвезлі ў бальніцу. Ідзе пошук яшчэ аднаго. "Боекамплекта на борце не было", дадалі ў Мінабароны РФ.
Пазней у Паветраных сілах Украіны паведамілі, што расійскі бамбавік быў збіты. "Упершыню зенітныя ракетныя падраздзяленні Паветраных сіл ва ўзаемадзеянні з Галоўным упраўленнем выведкі МА Украіны знішчылі далёкі стратэгічны бамбавік Ту-22М3 — носьбіт крылатых ракет Х-22, якімі расійскія тэрарысты б'юць па мірных украінскіх гарадах", гаворыцца ў паведамленні. Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што падчас сённяшняй атакі ўпершыню былі знішчаныя дзве такія ракеты.
Ту-22М — гэта распрацаваны яшчэ ў савецкі час далёкі звышгукавы ракетаносец-бамбардзіроўшчык. Ён таксама можа несці ядзерную зброю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.