УСУ збілі над Азоўскім морам самалёт-разведчык А-50
А-50
Украінскія вайскоўцы ў нядзелю ўвечары паразілі над Азоўскім морам два расійскія самалёты. Пра гэта паведамляе hromadske са спасылкай на крыніцу ў Галоўным упраўленні разведкі.
Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны.
Адзін з самалётаў збіты. Гэта А-50, самалёт далёкага радыёлакацыйнага сачэння. Ён выкарыстоўваецца для назірання за мэтамі ў паветры, на зямлі і ў моры і навядзення на іх іншай авіяцыі. Акрамя таго, пашкоджанні атрымаў Іл-22М. Ён спрабаваў дабрацца да бліжэйшага аэрадрома, але знік з радараў пасля пачатку зніжэння ў раёне Керчы. Іл-22М — гэта паветраны камандны пункт, з якога можна кіраваць войскамі падчас баявых дзеянняў.
Па дадзеных даведніка Military Balance 2022, у пачатку шырокамаштабнай вайны Расіі з Украінай у РФ было 12 самалётаў ІЛ-22М і 10 Іл-22 (больш старой мадыфікацыі). Вядома, што адзін з Іл-22М падчас свайго мецяжу збілі найміты Вагнера. А адзін з расійскіх самалётах A-50 быў пашкоджаны ў выніку выбуху ў лютым мінулага года на беларускім аэрадроме "Мачулішчы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.