У Расіі заявілі, што абмежаванне паставак малака з Беларусі не зменіць цэнаў
Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі заявіла, што абмежаванне паставак малака і малочных прадуктаў з Беларусі не прывядзе да росту спажывецкіх коштаў на расійскім рынку, інфармуе ria.ru. З 6 чэрвеня Рассельгаснагляд спыняе пастаўкі некаторых відаў малочнай прадукцыі з нашай краіны. Было заяўлена, што ў "чорны спіс" уключылі тыя віды прадукцыі, у якой расіяне выяўлялі найбольшую колькасць парушэнняў. Забарона ўводзіцца на пастаўкі толькі ў тары, аб'ём якой перавышае 2,5 літры.
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Расіі спасылаюцца на тое, што расійскі рынак "насычаны... айчыннай прадукцыяй". І абмежаванне на пастаўкі беларускага малака прывядзе толькі да росту попыту на расійскую прадукцыю. Таму чыноўнікі ў Маскве прагназуюць узнікненне пераўмоваў "для станоўчых зменаў цэнавай сітуацыі на рынку малака".
5 чэрвеня міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц назваў дзеянні Рассельгаснагляду неаргументаванымі і неабгрунтаванымі. Ён лічыць, што "ідзе выбіванне з рынку беларускіх прадпрыемстваў" ды называе іх прадукцыю бяспечнай.