У Расіі збіраюцца прызнаць беларускія чыпы расійскімі

Расія спрабуе розныя варыянты, каб абыходзіць заходнія санкцыі

Расія спрабуе розныя варыянты, каб абыходзіць заходнія санкцыі / pixabay.com

У Расіі збіраюцца прызнаць беларускія матэрыялы і кампаненты (чыпы, платы і г. д.) расійскімі. Для гэтага рыхтуецца прававая база, ужо апублікаваны праект адпаведнай пастановы. Дакумент падрыхтаваны Мінпрамгандлем РФ, пішуць "Ведомости".

Беларускія матэрыялы і камплектуючыя могуць прызнавацца расійскімі пры ўмове выканання ў Расіі не менш за 20% аб'ёму працы ("вытворча-тэхнічных аперацый"). Адзначаецца, што "гэта дазволіць выкарыстоўваць сумесныя распрацоўкі" ў прадукцыі, якая вырабляецца ў РФ. Новаўвядзенне запланаванае з 1 ліпеня 2024-га.

Эксперты адзначаюць, што ў Расіі адсутнічае механізм праверкі паходжання матэрыялаў і кампанентаў, якія будуць увозіцца пад выглядам беларускіх. Яны заклапочаны тым, што магчымыя пастаўкі кітайскіх камплектуючых дрэнна адаб'юцца "на тэхналагічнай незалежнасці галіны". Да таго ж у расійскіх вытворцаў "знізіцца жаданне... працаваць над камлектуючымі".

З пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны Захад увёў санкцыі супраць Масквы і рэгулярна іх пашырае. З іх дапамогай планавалася аслабіць эканоміку РФ, спыніць пастаўкі тэхнікі і тавараў падвойнага прызначэння, якія краіна-агрэсар можа выкарыстоўваць для вытворчасці ваеннай тэхнікі. Расія ж спрабуе санкцыі абыходзіць, у тым ліку і з дапамогай суседзяў. Сёлета Bloomberg паведамляў, што ў 2023-м Расія завезла чыпы з ЗША і Еўропы на $1,2 млрд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі