Ад дронаў і мікрачыпаў да машын: як РФ абыходзіць санкцыі з дапамогай суседзяў

Таемныя саюзнікі Расіі: якія краіны дапамагаюць агрэсару абыходзіць санкцыі /pixabay.com

Таемныя саюзнікі Расіі: якія краіны дапамагаюць агрэсару абыходзіць санкцыі /pixabay.com

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну заходнія краіны ўвялі і рэгулярна пашыраюць санкцыі супраць РФ і Беларусі, якая падтрымала яе агрэсію. З іх дапамогай Захад спрабуе аслабіць эканомікі краін і спыніць пастаўкі тэхнікі і тавараў падвойнага прызначэння, якія краіна-агрэсар можа выкарыстоўваць для вытворчасці ваеннай тэхнікі.

Кыргызстан

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання рэзка вырас імпарт з Кыргызстана ў Расію тавараў падвойнага прызначэння, у прыватнасці — электронных кампанентаў ад амерыканскіх вытворцаў Texas Instruments і Analog Devices, высветлілі журналісты Радыё Азатык. Паводле звестак выдання, кампаніі, якія ўдзельнічаюць у схеме абыходу санкцый, у мінулым пастаўлялі прадукцыю для расійскай ваеннай прамысловасці.

Згодна з гандлёвымі звесткамі ААН, у 2021 годзе Кыргызстан не імпартаваў ніякіх дэталяў для самалётаў, верталётаў і дронаў. Але ў 2022 годзе ў краіну завезлі такой прадукцыі — у асноўным з ЗША — на 3,5 млн долараў і экспартавалі ў Расію ў аб'ёме 1,5 млн долараў.

Палітыкі краіны рэгулярна заяўляюць, што ўлады прыкладаюць усе намаганні для прадухілення экспарту ў Расію санкцыйных тавараў. Так, Дзяржкамітэт нацбяспекі Кыргызстана заяўляў, што "ні сама кыргызская дзяржава, ні якія-небудзь дзяржаўныя структуры і кампаніі не датычныя" да парушэння заходніх санкцый, уведзеных супраць Расіі.

Аднак на практыцы Нацстаткам краіны пачаў хаваць звесткі пра экспарт прадукцыі, высветлілі журналісты Kloop і Цэнтра даследавання карупцыі і аргзлачыннасці (OCCRP). Часта статыстыка па экспарце і імпарце разбіваецца на спецыфічныя катэгорыі, пазначаныя дзесяцізначны кодам.

Да прыкладу, кодам 3603400001 абазначаюцца "неэлектрычная дэтанавальныя капсулі". Першыя чатыры лічбы гэтага кода — 3603 — абазначаюць групу тавараў, якая ўключае ў сябе самыя розныя капсулі, запалы і дэтанатары, у тым ліку вогнеправодныя і дэтанавальныя шнуры, ударныя і дэтанавальныя капсулі, электрадэтанатары і да т. п.

От дронов и микрочипов до машин: как Россия обходит санкции с помощью соседей
Пастаўкі дэтанатараў не адлюстроўваюцца ў афіцыйнай статыстыцы Кыргызстана / akchabar.kg

Так, "Кас Імпульс" (першы ў Цэнтральнай Азіі завод па вытворчасці дэтанатараў) за студзень-красавік 2023 года адправіў у Расію 661 тысячу дэтанатараў. Сам завод вырабіў мінімум 19,6 тысячы з іх, іншыя маглі быць дастаўленыя з Кітая. Атрымальнікам была ORICA CIS, якая ўваходзіць у групу "Евабласт" — гэта расійскі вытворца прамысловых выбуховых рэчываў і сістэм ініцыявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці.

Ніводная з паставак "Кас Імпульс" не адлюстраваная ў афіцыйнай статыстыцы Кыргызстана. Колькі яшчэ такіх паставак "знікла" са справаздач, ацаніць цяжка.

Дадамо, што, паводле звестак на ліпень 2023 года, пад санкцыі ЗША за падтрымку ваеннага сектара і пастаўкі Расіі тавараў падвойнага прызначэння трапілі пяць зарэгістраваных у Кыргызстане кампаній:

  • Tro.Ya — за падтрымку ваеннага сектара Расіі.
  • RM Design and Development — здзейсніла сотні паставак паўправадніковых прыбораў, электронных інтэгральных схем і кандэнсатараў.
  • "ГТМЕ Тэхналогіі" — на думку Мінфіна ЗША, яна пастаўляе ў Расію танталавыя кандэнсатары і электронныя інтэгральныя схемы.
  • "Прагрэс лідар" — паставіла шэраг тавараў расійскай кампаніі "Сіайсі", якая ў асноўным гандлюе электронным і аптычным абсталяваннем, а таксама камп'ютарамі.
  • "Каргалайн" — паставіла ў Расію падсанкцыйных тавараў на 1 млн долараў. У прыватнасці — авіязапчасткі для Boeing і Airbus.

Казахстан

У красавіку і чэрвені амерыканскія чыноўнікі (памочнік міністра фінансаў і каардынатар па санкцыях Дзярждэпа ЗША) заявілі, што ў дачыненні да казахстанскіх кампаній і банкаў выраслі рызыкі ўвядзення другасных санкцый.

Яшчэ адной перашкодай для паставак падсанкцыйных тавараў у РФ улады Казахстана называюць аўтаматызаваную сістэму анлайн-адсочвання паступлення і перамяшчэння імпартных тавараў, якая запрацавала з 1 красавіка 2023 года. Каб праверыць, як працуе гэтая сістэма, журналісты выдання "Республика" паехалі ў Заходне-Казахстанскую вобласць, якая мяжуе з пяццю расійскімі рэгіёнамі. На самым буйным КПП — «Сырым» — журналісты пагаварылі з кіроўцамі, а таксама супрацоўнікамі.

Дзяжурны начальнік расказаў, што на КПП няма сканера для праверкі фур, так што машыны правяраюць выбарачна. Дальнабойшчыкі, якія стаяць на КПП па некалькі дзён, заявілі пра карупцыю і паскардзіліся, што фуры прапускаюць толькі "па званку".

Паводле крыніцы рэдакцыі, якая пастаўляе ў Казахстан прадукцыю з Кітая, існуе спецыяльны "зялёны" спіс кампаній — машыны, якія належаць ім, не даглядаюць: "Кампаніі ў спісе пастаянна мяняюцца, таму іх складана адсачыць". Фармуюць жа спіс, паводле крыніцы, "тыя, хто на самым версе".

Падрабязней пра тое, што адбываецца на сухапутнай мяжы паміж Расіяй і Казахстанам, можна даведацца з гэтага відэарэпартажу

От дронов и микрочипов до машин: как Россия обходит санкции с помощью соседей
Расія абыходзіць санкцыі з дапамогай Казахстана / РІА "Новости"

Агулам за адзін толькі 2022 год таваразварот паміж Казахстанам і Расіяй вырас на 2 млрд долараў, да 28 млрд. Журналісты "Радыё Свабода", вывучыўшы звесткі пра пастаўкі, адзначылі, што Казахстан можа ўдзельнічаць у рээкспарце ў Расію, напрыклад, камп'ютараў з Еўрасаюза. Так, у 2022 годзе пастаўкі камп'ютараў у Казахстан выраслі ў сем разоў, да 1,2 млрд долараў. 310 млн прыпадае на імпарт з ЕС. Экспарт гэтай прадукцыі з Казахстана ў Расію за той жа перыяд вырас да 300 млн долараў, што ў 2300 разоў больш, чым у папярэднім годзе.

Экспарт тавараў падвойнага прызначэння ў Расію адмаўляў і прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў, адзначаючы, што Казахстан прытрымліваецца нормаў СГА і ўсіх правілаў міжнароднага рынку.

Аднак журналісты Радыё Азатык даведаліся, што казахстанская "ЭлтэксАлатау" пастаўляе ў Расію трансіверы Analog Devices. Іх, напрыклад, знаходзілі ў танку Т-72Б3М, які выкарыстоўваецца Расіяй ва Украіне. А кампанія Elem Group паставіла РФ не менш за 300 партый электронікі ў тым ліку падвойнага прызначэння.

Зарэгістраваныя ў Казахстане фірмы ўдзельнічаюць таксама ў схемах паставак у Расію чыпаў і дронаў. У траўні 2023 года журналісты казахстанскага выдання "Власть", расейскага медыя "Важные истории" і міжнароднага кансорцыума OCCRP апублікавалі расследаванне пра тое, як праз Казахстан у Расію праз сетку пасярэднікаў ідуць беспілотнікі і чыпы.    

Напрыклад, расійская фірма "Стэк" завозіць камплектавальнікі для вытворчасці электронікі для ФСБ, разведкі і Мінабароны. Яе пастаўшчык — Da Group 22 з Казахстана, якая закупляе чыпы ў нямецкай Elix-st. Валодае казахстанскай і нямецкай фірмамі сям'я расійскіх бізнесоўцаў з прозвішчам Чарнет.

Адзін з галоўных расійскіх прадаўцоў дронаў DJI — кампанія "Нябесная механіка". БПЛА яна атрымлівае ад казахстанскай "Аспан арба". "Аспан арба" існуе з красавіка 2022 года. Яе заснавальнік — уладальнік "Нябеснай механікі" Ілля Гольберг.

Грузія

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання грузінскі ўрад сцвярджае, што краіна не толькі не будзе ўводзіць свае санкцыі супраць Расіі, але і не далучыцца да заходніх санкцый. Прэзідэнт Грузіі і асобныя ведамствы падкрэсліваюць, што краіна будзе выконваць санкцыйны рэжым і не будзе нікому дапамагаць пазбягаць санкцый.

​​Паводле справаздачы "Транспэрэнсі Інтэрнэшнл-Грузія", у Грузіі ў 2022 годзе было зарэгістравана 17 тысяч расійскіх кампаній, больш чым палова з іх з'явілася пасля пачатку вайны.

У 2023 годзе Расія стала другім па велічыні гандлёвым партнёрам Грузіі па аб'ёме імпарту і трэцім — па аб'ёме экспарту. У прыватнасці, за 2022 год расійскі імпарт у краіну павялічыўся на 79 працэнтаў, а экспарт у Расію — на сем працэнтаў.

У чэрвені 2023 года ў Тбілісі з афіцыйным візітам прыехалі кіраўнік Офіса па каардынацыі санкцый Дзярждэпартамента ЗША Джэймс О'Браен, спецыяльны прадстаўнік ЕС па пытаннях санкцый Дэвід О'Саліван і прадстаўнік Офіса па замежных справах Вялікабрытаніі Кумар Аер.

"Краіна, якая імкнецца ўступіць у Еўрапейскі саюз, мусіць адпавядаць у тым ліку і нашай знешняй палітыцы. Але мы таксама ацэньваем канкрэтную сітуацыю, у якой знаходзіцца Грузія, з эканамічнага і геапалітычнага пунктаў гледжання. Улічваючы гэты кантэкст, у якім ёй даводзіцца гандляваць з Расіяй, мы разумеем, чаму Грузія не далучаецца да санкцый. І за апошнія два дні мы ўбачылі, што ўрад Грузіі вельмі сур'ёзна ставіцца да таго, каб краіна не выкарыстоўвалася ў якасці платформы для абыходу санкцый", цытуе яго JAMNews.

Аднак заходнія партнёры Грузіі былі занепакоеныя аднаўленнем прамых авіязносін з Расіяй. Таму яны заклікалі Грузію ўважлівей кантраляваць тавары, якія будуць перасякаць у тым ліку паветраную мяжу.

Турцыя

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання гэтая краіна стала "медыятарам" вайны. Прэзідэнт краіны Рэджэп Эрдаган удзельнічаў у перамовах па збожжавай угодзе. Сюды вывезлі вызваленых з расійскага палону камандзіраў палка "Азоў".

Аднак зарэгістраваныя ў краіне кампаніі дапамагаюць Расіі, напрыклад, закупляць у Еўропе самалёты, выкарыстоўваючы турэцкую фірму-"пракладку".

От дронов и микрочипов до машин: как Россия обходит санкции с помощью соседей
Турцыі была выгадная збожжавая ўгода / Shutterstock.com

Акрамя таго, Турцыя стала "крыніцай жыцця для расійскай эканомікі": аб'ём гандлю паміж краінамі з пачатку ўварвання павялічыўся прыкладна на 93%, адзначаў Atlantic Council у сваёй справаздачы.

Atlantic Council адзначае, што Турцыя прадавала Расіі інтэгральныя схемы і паўправаднікі, якія маглі быць выкарыстаныя для вытворчасці ўзбраенняў. "З сакавіка 2022 года да сакавіка 2023 года экспарт турэцкай электронікі ў Расію падскочыў прыкладна на 85%", — гаворыцца ў справаздачы, якую цытуе "Голас Амерыкі".

Анкара адмаўляе экспарт у Расію тавараў, якія могуць мець ваеннае прымяненне.

Беларусь

Праз дапамаганне ў вайне супраць Украіны і масавыя рэпрэсіі ЗША, ЕС і Вялікабрытанія яшчэ ў 2022 годзе ўвялі і рэгулярна пашыраюць санкцыі як супраць палітычна важных персон Беларусі, так і ў дачыненні да звязаных з дзяржавай кампаній.

Аднак нават у гэтых умовах Беларусь можа дапамагаць Расіі ўдзельнічаць у пастаўках закрытых для апошняй тавараў.

Так, паводле звестак Еўрастата, у пачатку 2023 года пастаўкі тавараў з ЕС у Беларусь павялічыліся на 64,5% у параўнанні з пачаткам 2022 года. Самай запатрабаванай групай тавараў сталі "машыны і транспартнае абсталяванне". За іх Беларусь заплаціла 1,14 млрд еўра. Гэта ўдвая больш, чым у студзені-красавіку 2022 года (0,56 млрд еўра), заўважылі журналісты "Еўрарадыё".

На думку рэдакцыі, у першую чаргу гаворка ідзе пра пастаўкі легкавых машын з ЕС у Беларусь. Пік і аб'ёмы паставак супадаюць з абвалам паставак аналагічных тавараў з ЕС у Расію.

                                                                                                                     Юля Краснікава, «Медиасеть»

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі