Як Беларусь дапамагае Расіі закупляць шыны ў абыход санкцый. Расследаванне БРЦ
Новае расследаванне БРЦ
З пачаткам вайны ва Украіне заходнія краіны ўвялі абмежаванні на пастаўкі шын у Расію. БРЦ сумесна з Кіберпартызанамі правёў расследаванне, у якім выкрываецца, як беларускія кампаніі дапамагалі Расіі абыходзіць гэтыя "шынныя" санкцыі.
Еўрарадыё коратка выкладае галоўныя высновы расследавання.
286 тысяч шын на суму амаль $50 млн
Еўрасаюз забараніў пастаўляць Расіі аўтапакрышкі сваіх вытворцаў для легкавых аўто яшчэ ў сакавіку 2022 года, а праз паўтара года ў спіс патрапілі і шыны для грузавікоў.
Супраць Беларусі такіх абмежаванняў не ўводзілася, чым і скарысталіся расіяне.
Паводле звестак БРЦ, з моманту забароны і да лета 2024 года з Беларусі ў Расію паступіла больш за 286 тысяч шын на суму амаль $50 млн.
$40 млн з іх — для легкавых аўтамабіляў, больш чым на $9 млн — для грузавікоў. Каля 90% шын завозілася з ЕС.
"Багорыя" — асноўны імпарцёр
Расследавальнікі сцвярджаюць, што амаль 80% падсанкцыйных еўрапейскіх і японскіх шын для грузавікоў з Беларусі ў Расію паставіла адна фірма — СТАА "Багорыя" ($7,1 млн). Па аб'ёмах паставак забароненых шын для легкавікоў гэтая фірма на другім месцы ($17 млн).
"Багорыя" — асноўны імпарцёр шын у Беларусь. Яна закупляе іх у Францыі, Італіі, Люксембургу, Германіі і Бельгіі (брэнды Michelin, Bridgestone, Continental, Pirelli і Goodyear).
Сярод беларускіх пакупнікоў яе тавараў былі гараж КДБ, Следчы камітэт, МНС і МУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.