Хто з беларусаў вядзе бізнес на акупаваных тэрыторыях Украіны? Расследаванне
Марыупаль
Афіцыйна Беларусь не прызнае акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі часткай Расіі. Але многія беларускія прадпрымальнікі працягваюць весці там бізнес.
Журналісты “Бюро” разам з украінскай службай “Радыё Свабода”, “Кіберпартызанамі” і “Важными историями” правялі расследаванне, у якім выявілі арганізацыі з беларускім капіталам на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны.
Напрыклад, расследавальнікі расказваюць пра гаспадара санаторыя “Карал” у Еўпаторыі — ураджэнца Пінска Віктара Крэйдзіча. “Бюро” высветліла, што ён не толькі бізнесовец, але і намеснік старшыні Беларускай федэрацыі барацьбы.
Яшчэ ў 2005 годзе Крэйдзіч і яго партнёры выкупілі пад Еўпаторыяй адміністрацыйны будынак і перарабілі яго ў гатэльны комплекс. Калі Расія анексавала Крым, санаторый працягнуў працаваць і прымаць гасцей з Масквы.
Акрамя гэтага, Крэйдзіч — сустаршыня таварыства дружбы “Расія — Беларусь” і савета па ўмацаванні дружбы “Беларусь — Украіна — Расія — Кітай”. Ад імені гэтых структур ён выступаў з прарасійскай і антызаходняй рыторыкай.
Расійскае ўварванне ва Украіну адна з узначальваных ім арганізацый лічыць “спецаперацыяй супраць пагрозы, якую Расія ўбачыла з боку ўкраінскага рэжыму”.
Падрабязней пра гэта, а таксама пра іншы беларускі бізнес у акупаваных Сімферопалі і Марыупалі чытайце на сайце “Бюро”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.