Грузія забараняе рээкспарт аўтамабіляў у Беларусь і Расію
Аўтамабілі / pixabay.com
З аглядкай на санкцыі супраць Мінска і Масквы, якія прынятыя ў ЗША і ЕС, Грузія ўводзіць забарону на рээкспарт аўтамабіляў у Беларусь і Расію. Пра гэта паведамляе рэсурс bm.ge са спасылкай на падатковую службу грузінскага Міністэрства фінансаў. Абмежаванні на пастаўкі аўтамабіляў з ЕС у РБ і РФ прапісаныя ў 11-м пакеце санкцый Еўрасаюза. У Грузіі забарона на рээкспарт аўто з ЕС пачне дзейнічаць 26 верасня, на рээкспарт амерыканскіх аўто — ужо працуе (з 1 жніўня).
І калі ў Беларусь грузінскія аўтамабілі даязджаюць да пакупнікоў не часта, то для Расіі гэта можа быць адчувальна. Легкавушкі былі трэцім па велічыні экспартным таварам, які ішоў з Грузіі ў РФ. За 6 месяцаў 2023 года ў Расію было прададзена 7 786 аўтамабіляў на 53 мільёны долараў. У параўнанні з мінулым годам рост экспарту склаў 274%. Сярэдні кошт прададзенага ў Расію аўтамабіля — 14 тысяч долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.