Аўтабум ці новы схематоз: узляцелі пастаўкі тавараў з ЕС у Беларусь
Старыя добрыя схемы зноў працуюць? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларусь рэзка павялічыла закупкі з ЕС. Не падобна, каб тавар, па якім адбыўся асноўны рост, так моцна патрэбны Беларусі. Няўжо краіна аказалася зноў замяшаная ў схемах па перапродажы еўрапейскай прадукцыі?
Еўрарадыё даведалася, што і з якіх краін рэзка пачала купляць Беларусь, і пашукала адказ навошта.
Паводле звестак Еўрастата, у пачатку 2023 года пастаўкі тавараў з ЕС у Беларусь павялічыліся на 64,5% у параўнанні з пачаткам 2022 года. Калі за чатыры месяцы мінулага года еўрапейскі экспарт у Беларусь склаў 1,6 млрд еўра, то за студзень-красавік 2023 года — 2,64 млрд еўра. У цэнавым выражэнні гэта нават больш, чым у тыя ж месяцы 2021 і 2020 гадоў.
Паток тавараў у першыя чатыры месяцы 2023 года рос і ў фізічным выражэнні — плюс 35% (з 405 тысяч тон да 549 тысяч тон).
Што купляла Беларусь?
У топ-5 самых запатрабаваных груп увайшлі:
- машыны і транспартнае абсталяванне (43,1% ад агульнага аб'ёму);
- хімікаты і спадарожныя тавары (24%);
- прамысловыя тавары (10,3%);
- ежа і жывыя жывёлы (9,2%);
- розныя прамысловыя вырабы (6,4%).
Па трох апошніх групах тавараў аб'ёмы хоць і раслі ў параўнанні з пачаткам 2022 года, але нямоцна адрозніваліся ад таго ж перыяду 2020 і 2021 гадоў.
Пастаўкі хімікатаў у цэнавым выражэнні выраслі прыкладна на 40% у параўнанні са студзенем-красавіком трох папярэдніх гадоў. Але закупкі па гэтай групе тавараў Беларусь нарошчвала апошнія гады.
Нашмат цікавей выглядаюць звесткі па групе тавараў "машыны і транспартнае абсталяванне". За іх Беларусь заплаціла 1,14 млрд еўра. Гэта ўдвая больш, чым у студзені-красавіку 2022 года (0,56 млрд еўра). Або прыкладна на 33% больш, чым за той жа перыяд 2021 і 2020 гадоў (каля 0,85 млрд еўра).
Калі разглядаць дэталёва, то "дарожныя транспартныя сродкі" займаюць 75,5% імпарту з ЕС па групе "машыны і транспартнае абсталяванне". У студзені-красавіку 2020-2022 гадоў дарожных транспартных сродкаў закуплялася на сумы ад 134 млн еўра да 149 млн еўра. А ў студзені-красавіку 2023 года — ужо на 863 млн еўра, то-бок у шэсць разоў больш. Гэта на 206 млн еўра больш, чым за ўвесь 2021 год.
Можа, машыны з Еўропы проста сталі ў шэсць разоў даражэйшымі? Не зусім так. Калі параўноўваць па вазе, то ў пачатку 2023 года пастаўкі павялічыліся ў 2,4 разу да пачатку 2022 года і крыху менш — да тых жа перыядаў двух папярэдніх гадоў.
Хто з еўрапейцаў прывозіць аўтамабілі ў Беларусь?
Асноўнымі еўрапейскімі пастаўшчыкамі для Беларусі ў студзені-красавіку сталі Польшча (30,5% ад агульнага аб'ёму), Літва (23,8%) і Германія (23,3%). Гэтыя ж краіны больш за ўсё нарасцілі пастаўкі ў Беларусь. Польшча — больш чым удвая, Літва — у 2,5 разу, а Германія — у 1,9 разу.
Асноўны рост адбыўся менавіта за кошт тавараў, пазначаных як "дарожныя транспартныя сродкі". Больш за ўсё іх пастаўляе Германія. Калі ў студзені-красавіку было закуплена машын на 42,3 млн еўра, то ў студзені-красавіку 2023 года — на 327 млн еўра.
Продажы з Літвы выраслі з 53 млн еўра да 291 млн еўра. Польшча павялічыла пастаўкі амаль у дзесяць разоў: з 22,6 млн еўра да 207,7 млн еўра.
Што адбываецца і калі гэта пачалося?
Паводле звестак Еўрастата, большасць "дарожных транспартных сродкаў" — гэта "аўтамабілі і іншыя маторныя транспартныя сродкі, прызначаныя галоўным чынам для перавозкі людзей (акрамя маторных транспартных сродкаў для перавозкі дзесяці і больш чалавек, уключаючы кіроўцу), у тым ліку ўніверсалы і гоначныя аўтамабілі". Выходзіць, у асноўным гэта легкавыя аўтамабілі.
Але куды падзеліся гэтыя аб'ёмы ў Беларусі, калі ў пачатку года аўтарынак толькі пачаў ачуньваць, а буму ў 2023 годзе не чакаецца? Таксама аўтамабільная асацыяцыя "БАА" сцвярджае, што купляюць часцей за ўсё Geely.
Чаму тады машыны з ЕС усё ж прывозяцца? Можа, Беларусь дапамагае расіянам ездзіць на чымсьці, акрамя Lada?
Цікава, што ў першыя чатыры месяцы 2022 года анамалій не было. А па выніках 2022 года Беларусь ужо заплаціла за дарожныя транспартныя сродкі ў 2,5 разу больш, чым у 2021 годзе. Па вазе рост склаў 31%. Усё таму, што пастаўкі пачалі значна перавышаць звычайныя паказчыкі з ліпеня 2022 года.
На гэтым фоне еўрапейскія продажы ў Расію па дарожных транспартных сродках абваліліся. Калі ў студзені 2022 года аб'ём гандлю складаў 688,4 млн еўра, то ў красавіку 2023 года — 66,6 млн еўра.
Сцвярджаць нешта без дакументаў немагчыма. Аднак статыстыка выглядае так, быццам пасля ўзрушэння на расійскім рынку Беларусі спатрэбілася некалькі месяцаў, каб наладзіць пастаўкі еўрапейскіх аўтамабіляў у Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.