У Расію не прапусцілі яшчэ 55 тон гародніны і садавіны з Беларусі
Упраўленнем Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях днямі спынена спроба ўвозу беларускай плодаагародніннай прадукцыі.
Сцвярджаецца, што яна мела падробленыя фітасанітарныя сертыфікаты. Гэта стала падставай для вяртання прадукцыі ў месцы адгрузкі. Расійскія спецыялісты высветлілі, што краінамі паходжання грузаў з'яўляюцца ЗША, краіны Еўрасаюза, Канада, Аўстралія і Нарвегія. Кантроль ажыццяўляўся на ўчастку аўтадарогі М1 Масква — Мінск: мяжа з Рэспублікай Беларусь — Чырвоная Горка, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, напярэдадні спецыялісты Рассельгаснагляду не прапусцілі ў Калінінград 40 тон бульбы і цыбулі з Беларусі.
Расія з 7 жніўня на год абмежавала імпарт шэрагу тавараў з краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі, — ЗША, дзяржаў ЕС, Канады, Аўстраліі і Нарвегіі. У санкцыйны спіс трапілі ялавічына, свініна, рыба, садавіна, гародніна, птушка, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты. Рассельгаснагляд раней заяўляў, што садавінагародніная прадукцыя з краін ЕС, у дачыненні да якіх Расія ўвяла эмбарга, прасочваецца на расійскі рынак праз Беларусь.
Фота — ria.ru