"У Сашы былі праблемы на курсе маладога байца". 11-ы дзень "справы Коржыча"
Фота Еўрарадыё
22 жніўня Мінскі абласны суд на выязным слуханні ў судзе Маскоўскага раёна праводзіў адзінаццатае паседжанне па справе аб гібелі 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах. На лаве падсудных — 23-гадовы Яўген Бараноўскі, 20-гадовы Ягор Скуратовіч і 23-гадовы Антон Вяжэвіч. Яны абвінавачваюцца па ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару службовай асобай) і ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў). Бараноўскага таксама абвінавачваюць па ч. 1 артыкула 205-й (крадзеж). Ён віну прызнаў часткова па ўсіх артыкулах, Скуратовіч і Вяжэвіч не прызналі ч. 3 арт. 455 — тую, якая тычыцца смерці радавога Коржыча.
На паседжанні 21 жніўня пацярпелы Эдуард Казека распавядаў, што перад тым як Коржыча знайшлі павешаным у падвале, у роце яго шукалі. У сваю чаргу, былы радавы Ахмад-Артур кажа, што па роце хадзілі чуткі, нібы з Коржыча здзекаваўся нейкі вайсковец на КМБ.
Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў падвале медыцынскай роты вайсковай часткі 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў ў пятлі сем дзён. У салдата былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая майка. Расследаванне гучнай справы доўжыўся паўгода, разглядаліся тры версіі гібелі. У красавіку 2018 га Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Аляксандра Коржыча не было прычын зводзіць рахункі з жыццём.