У сейме Польшчы прапануюць увесці санкцыі за пераслед палякаў у Беларусі
Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута ў Беластоку / "Белсат"
Камісія сейма Польшчы заклікае ўвесці санкцыі супраць людзей, датычных да пераследу палякаў у Беларусі, паведамляе тг-канал "Позірк".
Камісія па сувязях з палякамі за мяжой рашуча асуджае рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць польскай меншасці. Сімвалам пераследу стаў "ілжывы прысуд" Анджэю Пачобуту, яго "неабгрунтаванае ўтрыманне на працягу двух гадоў без магчымасці кантактаваць з блізкімі", а таксама "працэс, арганізаваны за зачыненымі дзвярыма", гаворыцца ў заяве.
Польскія дэпутаты называюць недапушчальнымі рэпрэсіі, ліквідацыю польскіх школ па фармальных прычынах, адміністрацыйныя спагнанні, апаганьванне польскіх мемарыялаў, абмежаванне польскай меншасці ў правах.
Як распавядала Еўрарадыё, 8 лютага суд у Гродне прысудзіў журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту Саюза палякаў у Беларусі, восем гадоў зняволення. Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма.
У Беластоку ўвечары гэтага ж дня прайшла акцыя ў падтрымку асуджанага журналіста-палітвязня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.