У Швейцарыі будуць судзіць экс-байца беларускага "эскадрона смерці"

Юрый Гараўскі / DW

Юрый Гараўскі / DW

У верасні ў Швейцарыі пачнецца суд над экс-байцом беларускага спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрыем Гараўскім, перадае DW.

У 2019 годзе ён прызнаўся, што ўваходзіў у так званы "эскадрон смерці" і ўдзельнічаў у выкраданні апазіцыйных палітыкаў напрыканцы 90-х.

Працэс пройдзе ў адным з кантонаў Швейцарыі. Судзіць Гараўскага будуць у рамках універсальнай юрысдыкцыі: яго вінавацяць па артыкуле аб знікненні людзей. Згодна з швейцарскім заканадаўствам, яму пагражае ад 1 года да 20 гадоў пазбаўлення волі. Сам Гараўскі разлічвае на ўмоўны тэрмін.

Гэта можа стаць першым прысудам па справе аб знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

У 2019 годзе Гараўскі даў інтэрв'ю DW, у якім расказаў пра сваю датычнасць да знікнення генерала Захаранкі ў траўні 1999 года. Таксама ён расказаў, што ў верасні таго ж года ён удзельнічаў у выкраданні экс-кіраўніка ЦВК Ганчара і прадпрымальніка Красоўскага.

На Захад экс-спецназавец пераабраўся пасля таго, як трапіў у аўтааварыю: ён палічыў, што былыя калегі вырашылі расправіцца з ім.

Адвакат, які прадстаўляе інтарэсы Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай, патлумачыў DW, што на гэты момант у справе няма наўпроставых доказаў, быццам Гараўскі быў датычны менавіта да забойства зніклых. Таму ягоныя дзеянні кваліфікуюцца як удзел у гвалтоўным знікненні людзей.

Сам Гараўскі разлічвае, што яго могуць прызнаць сведкам па справе. Па яго словах, пракурор абяцаў, што яго не дэпартуюць. "Я пацвярджаю, што быў саўдзельнікам злачынства, але паколькі я першым прызнаўся, разлічваю таксама на статус сведкі. Але ўсё залежыць ад рашэння суддзі", — заявіў ён у каментары DW.

Для швейцарскай прававой сістэмы справа ўнікальная яшчэ і тым, што гэта першае злачынства, якое ўчынілі ў Беларусі, але расследавалі і разгледзелі ў рамках універсальнай юрысдыкцыі ў Швейцарыі. Па словах юрыстаў, рашэнне па гэтай справе можа стаць прыкладам для разглядаў у іншых краінах.

У Беларусі знікненне апазіцыйных палітыкаў дагэтуль застаецца нерасследаваным.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі