У Швейцарыі памёр беларус з палка "Пагоня"
Мікалай Сікорскі
У Швейцарыі 7 студзеня загінуў беларускі баец Мікалай Сікорскі, ветэран вайны ва Украіне. Пра яго смерць паведаміў у сацсетках Ціхан Клюкач.
Па яго словах, Сікорскі памёр ад чэрапна-мазгавой траўмы, якую атрымаў два месяцы таму ад мігрантаў з краін Афрыкі.
Вядома, што Мікалай нарадзіўся 11 чэрвеня 1972 года ў латвійскай Елгаве. У 1992-м у Беларусі ён атрымаў судзімасць.
Спачатку ў Мікалая было прозвішча Косцікаў, а напрыканцы 2000-х ён змяніў яго і стаў Сікорскім.
Паведамляецца, што ў 2017 годзе Сікорскі ваяваў за Украіну ў зоне АТА (антытэрарыстычнай аперацыі). Пасля пачатку паўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну далучыўся да навастворанага беларускага палка "Пагоня". Аднак пазней Сікорскі рассварыўся са стваральнікам "Пагоні" Вадзімам Пракоп'евым.
Апошнія паўгода Сікорскі жыў у Швейцарыі: Украіну ён пакінуў праз праблемы са здароўем у сваячкі і праз наступствы сваёй кантузіі. Паводле інфармацыі сайта "Зеркало", швейцарскія ўлады адмовілі яму ў палітычным прытулку і планавалі выслаць у Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.