У Польшчы затрымалі былога беларускага добраахвотніка
Яўген Каранкевіч
На пачатку верасня ў Польшчы быў затрыманы былы беларускі добраахвотнік Яўген "Карыч" Каранкевіч. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў ягоны паплечнік Ціхан Клюкач.
Яўген Каранкевіч уваходзіў у "Белы Легіён", быў заснавальнікам тэлеграм-каналу Zolak. У 2022 годзе ён далучыўся да групы аэраразведкі ў складзе падраздзялення "Пагоня". Пазней хлопец быў вымушаны пакінуць Украіну.
Як піша Клюкач, у Польшчы Каранкевіч праходзіў працэдуру атрымання статусу палітычнага ўцекача і "адначасова прабіваў варыянты вяртання ва Украіну, каб далучыцца да беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў". Аднак 8 верасня беларуса затрымалі.
Паводле словаў Клюкача, яго паплечнік сутыкнуўся з прадаўцамі наркотыкаў — выхадцамі з Блізкага Усходу. Маўляў, Каранкевіч вырашыў патлумачыць, "што такой дзейнасцю ім лепш займацца на сваёй радзіме, а не ў Еўропе". Сутычка скончылася для беларуса траўмамі: "У выніку размовы з адным з барыг-мігрантаў Яўген атрымаў траўмы чэрапа і таза (той паспрабаваў збіць яго аўтамабілем), пазней разам з некалькімі паплечнікамі быў затрыманы польскай паліцыяй, была заведзена крымінальная справа".
Цяпер Каранкевіч перабывае ў турэмнай лякарні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.