У Славакіі абакралі аўтобус, які перавозіў беларускіх дзяцей
Гэта адбылося ў горадзе Кошыцэ ў ноч на 8 ліпеня, дзеці вярталіся дадому з адпачынку ў Балгарыі.
Як паведаміла БелаПАН дырэктар турыстычнай кампаніі “Боншанс” Таццяна Зыль, інцыдэнт адбыўся на неахоўваемай стаянцы адной з гасцініц Кошыцэ, дзе дзеці спыніліся на начлег. Злачынцы разрэзалі багажнае аддзяленне аўтобуса і скралі рэчы з валізак. У выніку пацярпелі 15 дзяцей і адзін дарослы. У валізках знаходзіліся асабістыя рэчы дзяцей і сувеніры.
Усяго з Балгарыі вярталіся тры аўтобусы з беларусамі, яны агулам перавозілі каля 160 чалавек. Аднак два іншых не пацярпелі, яны спыніліся на начлег у іншым гатэлі.