"Не сустракаў афіцэра, які б ведаў усе свае абавязкі". Суд па справе Коржыча
Фота Еўрарадыё
Трэці тыдзень у Мінску працягваюць разглядаць крымінальную справу аб гібелі 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах. Абвінавачванне прад'яўленае тром сяржантам: Яўгену Бараноўскаму, Ягору Скуратовічу і Антону Вяжэвічу.
25 жніўня ў судзе дапыталі першых сведкаў. У прыватнасці, раскрыліся эпізоды, з-за якіх Яўгена Бараноўскага абвінавачваюць у крадзяжы. Сяржант забраў у пацярпелага Андрэя Данілюка тэлефон і пачаў карыстацца ім сам. Неўзабаве тэлефон у яго канфіскаваў старшы лейтэнант Сяргей Ермачэнка, які ўчора сведчыў у судзе. Каб вярнуць тэлефон назад, Бараноўскі разам з Вяжэвічам забраў затвор аднаго з аўтаматаў. Ермачэнка, думаючы, што элемент зброі — гэта больш сур'ёзна, чым тэлефон неўстаноўленага ўзору, аддаў яго Бараноўскаму. Сяржант у сваю чаргу вярнуў затвор.
Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў сутарэнні медыцынскай роты вайсковай частцы 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў ў пятлі тыдзень. У салдата былі звязаныя ногі, а на галаву надзетая майка. Расследаванне гучнай справы доўжылася паўгода, разглядаліся тры версіі гібелі. У красавіку 2018 года Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Аляксандра Коржыча не было прычын зводзіць рахункі з жыццём.