У судзе разглядаюць справу аб высылцы з Беларусі яшчэ аднаго расіяніна

У судзе разглядаюць справу аб высылцы з Беларусі яшчэ аднаго расіяніна

Яшчэ аднаму расіяніну пагражае высылка з Беларусі. 11 чэрвеня ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці адбылося папярэдняе пасяджэнне па грамадзянскай справе 38-гадовага Уладзіміра Траутэра, паведамляе "Гомельская вясна".

Траутэр ужо 26 гадоў жыве ў Беларусі, у вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Мужчына жанаты, мае непаўналетняга сына, сталую працу і вялікую падсобную гаспадарку. Высылаюць яго з фармальнай нагоды: у лютым гэтага года Траутэра злавілі на кіраванні ў нецвярозым стане і на размове па мабільным тэлефона падчас руху. Гэтыя два парушэнні сталі прычынай таго, што аддзел па грамадзянстве і міграцыі прыняў рашэнне ад высылцы.

Уладзімір Траутэр кажа, што нікога і нічога не мае ў Расіі, а тут у яго не толькі сям'я, але і праца, крэдыты, старыя і хворыя бацькі. У здзейсненым парушэнні ён раскайваецца, ужо выплаціў вялікі штраф.

За жыхара Буда-Кашалёўскага раёна з расійскім пашпартам заступілася кіраўніцтва гаспадаркі "Губічы", дзе ён працуе жывёлагадоўцам. Хадайніцтва, каб яго пакінулі ў Беларусі, падпісалі 67 жыхароў вёскі Губічы.

Прадстаўнік РАУСа ў судзе не прызнаў скаргу абгрунтаванай і заяўляе, што замежнікі павінны "няўхільна выконваць заканадаўства". Сярод ранейшых парушэнняў, якія здзяйсняў Траутэр, міліцыя называе язду на гужавай павозцы без катафонаў і выкідванне смецця ў недазволеным месцы.

Наступнае судовае пасяджэнне адбудзецца 21 чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі