У Светлагорску праз суд высяляюць інваліда-калясачніка
У Светлагорску камунальшчыкі з унітарнага прадпрыемства “Светач” праз суд высяляюць інваліда-калясачніка і грамадзянскага актывіста Юрыя Ляшэнку. Ён адмаўляецца пакідаць манеўранае жыллё, якое інваліду выдалі на час рамонту яго дома. Ляшэнка адмаўляецца вяртацца ў адрамантаваную кватэру і сцвярджае, што цяпер у ёй немагчыма жыць.
Паводле інваліда, у яго кватэры пасля рамонту вельмі шмат парушэнняў і ні пра які безбар’ерны асяродак гаворка не ідзе. Капітальны рамонт ідзе з 2012 года. Цяпер з васьмі кватэр заселеныя чатыры, астатнія жыхары дома таксама не могуць вярнуцца. У доме нязручна ўсталявалі сантэхніку, не датрымліваюцца нормы пажарнай бяспекі. Цяпер пракуратура будзе праводзіць будаўніча-тэхнічную экспертызу дома. Тым не менш камунальнікі патрабуюць ад інваліда вызваліць часовае жыллё ўжо цяпер.
Ляшэнка балатаваўся ў парламент ад Беларускай партыі “Зялёныя”. Ён звязвае з гэтым цяперашні ціск на сябе з боку мясцовых уладаў, пішуць naviny.by