Ніводзін банк з тых, з якімі звязалася Еўрарадыё, сёння не прапаноўвае крэдытных праграм адмыслова для збору ў школу. Калі не хапае грошай, каб падрыхтаваць дзяцей да 1 верасня, давядзецца атрымліваць звычайны спажывецкі крэдыт. Але і такіх невялікіх крэдытаў — на 225 рублёў — ні ў каго няма.
“Мінімальная сума крэдыту ў нас складае 700 рублёў, — адказваюць Еўрарадыё ў “Прыёрбанку”. — Але, калі вы возьмеце 700, а здымеце толькі 400, то працэнт будзе налічаны толькі на 400 рублёў”.
Але не ўсё так проста. “Прыёрбанк” будзе разглядаць магчымасць крэдытавання, толькі калі ваш працоўны стаж не спыняўся за апошнія паўгода.
“Банк ВТБ” прапанаваў аформіць крэдыт на суму да 5 тысяч рублёў. Напрыклад, на паўгода. У выпадку, калі мы скарыстаем толькі 400 рублёў, пераплата складзе каля 26 рублёў. Даведак аб даходзе патрабаваць не будуць.
У “БСБ Банку” таксама можна атрымаць крэдыт у 5 тысяч рублёў. Тэрмін — 1 год. Кліент можа запрасіць любую суму, але пры наяўнасці адпаведных папер.
“Патрэбная даведка аб прыбытку за апошнія тры месяцы і паручыцель, — тлумачаць у банку. — Таксама не павінна быць пратэрміновак па папярэдніх крэдытах. Калі ўзяць 400 рублёў, то за год давядзецца пераплаціць каля 70 рублёў.
Але не ўсе бацькі хочуць звязвацца з банкамі. Жыхар Наваполацка Сяргей сына-пяцікласніка да школы рыхтуе самастойна. У яго атрымалася ўкласціся ў 100 рублёў, але закупляцца Сяргей пачаў яшчэ ў чэрвені.
“Спартыўны касцюм у нас застаўся з мінулага года, — распавядае
Сяргей. — Абутак купілі ў “Марка” падчас зніжак за 37 рублёў, за красоўкі аддаў 30 рублёў. Засталося набыць толькі канцтавары. Вядома, калі рыхтавацца з нуля, дык будзе нашмат даражэй”.
Па словах Сяргея, звяртацца ў банк у яго не было неабходнасці, бо ведаў: 1 верасня непазбежнае, таму рыхтавацца пачаў загадзя. І ўсё атрымалася!