“Крэдытаў больш не бяром — збіраем грыбы”. Як гродзенцы рыхтуюць дзяцей да школы
Традыцыйны школьны кірмаш у Гродне сёлета працуе не на Савецкай плошчы, а ля гіпермаркета “Алмі” на праспекце Касманаўтаў. Цэны на “ўсё для школы” амаль не адрозніваюцца ад мінулагодніх. Але грошай у многіх гродзенцаў усё роўна не хапае.
Пакупніца паказвае прадавачцы спіс з неабходных канцылярскіх тавараў для трэцякласніка. У ім 29 пунктаў.
“Каляровы кардон для першакласнікаў — 2,30 — 2,40, каляровыя алоўкі (у залежнасці ад колькасці) — ад 5 рублёў, фламастары — ад 2 да 12 рублёў, фарбы акварэльныя па 2-3 рублі, сшыткі самыя простыя — ад 15 да 17 капеек, з кардоннай вокладкай — 35, з малюнкамі на вокладцы — па 45 капеек”, — распавядае прадавачка.
Яна дадае, што якраз учора збірала такі набор для дзвюх дзяўчынак 2 і 3 класа:
“Разам яны заплацілі 59 рублёў, але тое-сёе са спіса давялося замяніць. А калі б бралі ўсё па спісе, за дзвюх давялося б заплаціць каля 90 рублёў”.
Канцылярскія прыналежнасці — не самае дарагое, што патрэбна школьніку
Побач з шапікам, дзе прадаецца школьная форма, сямейная пара — Уладзімір і Галіна — прымяраюць дачцэ сарафан. Вольга пойдзе ў трэці клас. Бацькі кажуць, што адправіць дзіця ў школу для іх вельмі дорага. Дапамагаюць бабуля і дзядуля.
“Ну вось, загінайце пальцы, — кажа Галіна і пачынае пералік. — Спаднічка і кофтачка — 50 рублёў. Адразу ўлічыце, што трэба купляць па дзве, каб было нешта на змену. Гэта ўжо 100 рублёў. Дадайце туфлі — 50 рублёў, спартовы касцюм — 80 рублёў, красоўкі — 120 рублёў”.
Агулам — блізу 300 рублёў.
Спадар Уладзімір дадае, што летась куплялі таннейшы абутак, але праз тры тыдні ад яго нічога не засталося, таму больш не рызыкуюць так рабіць.
Летась на тое, каб адправіць дачку ў школу, Уладзімір і Ганна ўзялі крэдыт
Але гэты спосаб ім не вельмі спадабаўся.
“У нас быў яшчэ крэдыт на лядоўню, і калі мы абодва крэдыты аддавалі, дык пад канец месяца не было за што ў краму схадзіць, — распавядае Ганна. — А сёлета дзед з бабай адкладвалі, каб дапамагчы ўнучцы. Дык атрымалася без крэдыту, можна сказаць, пашэнціла”.
У спадарыні Галіны трое дзяцей. Дваіх да 1 верасня трэба сабраць у школу. Жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і атрымлівае 460 рублёў на самае маленькае дзіця. На школьным кірмашы Галіна пакуль нічога не купляла: прыглядаецца да цэнаў.
“Мужу заробак нестабільна плацяць, ды і заробак усяго 300 рублёў. Нам вельмі складана, — скардзіцца Галіна. — Але крэдыты мы ўжо баімся браць, бо летась ледзь выплацілі. Думалі, што ўжо прыйдуць і з хаты за пазыкі ўсё павыносяць. Я на выходныя са старэйшай дачкой езджу ў Брэсцкую вобласць да блізкіх і там збіраем ягады і грыбы. На гэтыя грошы дзяцей да школы падрыхтуем”, — упэўнена кажа Галіна.
“На ўсё адразу грошай не хапае, збіраемся ў школу па частках”
Яшчэ адна сям’я прымярае школьны касцюм хлопчыку. Васіль пойдзе ў 8 клас, а памер касцюма — як на дарослага! За яго давядзецца аддаць 100 рублёў, нічога таннейшага няма.
“Мы ўсё адразу не купляем, — кажа Алена, маці хлопчыка. — Муж — будаўнік, 400 рублёў нават не зарабляе. Я ў дзіцячым садку маю ўсяго 250 рублёў. Купім пакуль самае неабходнае, на што грошай хопіць, а там з кожнай зарплаты будзем дакупляць”.