У Турцыі ўвялі надзвычайнае становішча на тры месяцы
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган увёў у краіне надзвычайнае становішча на тры месяцы. Паводле яго заявы, гэта неабходна для таго, каб нейтралізаваць пагрозы, звязаныя са спробай дзяржперавароту, якая адбылася ў ноч на 16 ліпеня.
Эрдаган паабяцаў “хутка абясшкодзіць усе элементы тэрарыстычнай арганізацыі, задзейнічаныя ў спробе перавароту”. Пра сваё рашэнне турэцкі лідар абвясціў пасля сустрэчы з чальцамі ўраду краіны. Пры гэтым ён заявіў, што інстытуты дэмакратыі падчас надзвычайнага становішча не пацерпяць.
У першыя дні пасля няўдалай спробы перавароту ў Турцыі былі затрыманыя, звольненыя ці адхіленыя ад працы не меней за 45 тысяч чалавек. Затрымана каля 6 тысяч вайскоўцаў, перадае ВВС.