У "Твітары" ідзе барацьба "за Беларусь"

111018 BarouskayaS.mp3

Еўрарадыё: Дар'я, што вас падштурхнула пачаць такую своеасаблівую, зацятую "вайну" з расійскімі інтэрнэт-СМІ? Ці проста надакучыла чытаць "Белоруссия" замест праўдзівай "Беларусь"?
Дар'я Бароўская: Маеце рацыю, мне ўжо надакучыла чытаць, што нашу краіну называюць няправільна, такім дзіўным чынам, нібыта ёсць на свеце яшчэ адна краіна з падобнай назвай. Не магу сказаць, што гэта была ваенная акцыя, хутчэй гэта была такая ласкавая просьба, зробленая ў прыемным і прыязным фармаце. 
Еўрарадыё: І як гэтая ласкавая просьба паўплывала на пазіцыю расіянаў? 
Дар'я Бароўская: На некаторы час — напэўна. Напрыклад, "Лента.Ру". Я адаслала 22 паштоўкі ўсім рэдактарам гэтай "Ленты", яны з удзячнасцю паставіліся да маіх заўваг і дасылалі свае падзякі, паабяцалі, што будуць называць нас правільна. Але гэта распаўсюджвалася толькі на "Твітар", а на сваім сайце lenta.ru яны надалей працягвалі і працягваюць называць нашу краіну "Белоруссией". А апошнім часам зноў нават і ў "Твітары" яны пачалі называць нас па-ранейшаму.
Еўрарадыё: Дар'я, давайце нагадаем нашым слухачам пачатак гэтай гісторыі. Вы аднойчы звярнулі ўвагу на тое, што і на "Ленце.Ру", і ў "Твітары" нашу краіну, як і ў часы СССР, называюць "Белоруссия". І вырашылі з гэтым змагацца. Разаслалі паштоўкі да ўсіх 22 рэдактараў "Ленты.Ру". Гэта былі рэдактары расійскага сайта ці толькі тыя рэдактары, якія пішуць у "Твітары"?
Дар'я Бароўская:Гэта былі рэдактары "Лента.Ру", частка з якіх, наколькі я разумею, вядзе яшчэ і "Твітар".
Еўрарадыё: А вы не звярталіся да іх з пытаннем, чаму яна на "Твітары" пішуць "Беларусь", а на "Лента.Ру" "Белоруссия"?
Дар'я Бароўская: Ведаеце, яны зараз неяк уцякаюць ад адказаў на гэта пытанне.
Еўрарадыё: А ці збіраецеся вы далей змагацца за правільную назву нашай краіны? Або пусціце справу на самацёк?

Дар'я Бароўская: Я з "Лентай.Ру" планую працягваць перапіску на гэтую тэму. Больш за тое, з маім сябрам, які таксама вядзе "Твітар", мы разам распачалі барацьбу, каб "Твітар" узгадаў, што ёсць такая краіна — Беларусь.
Еўрарадыё: Дак у вас ёсць ужо і кола аднадумцаў?
Дар'я Бароўская: Так, у мяне ўжо ёсць кола падтрымкі...
 Еўрарадыё: А якім чынам вы будзеце далей змагацца?
Дар'я Бароўская: Пачынаючы з красавіка, "Твітар" перастаў указваць Беларусь як краіну. Да красавіка ў допісах наша краіна была пазначаная як Беларусь, цяпер яна пазначаная як Расія. Мой паплечнік Васіль напісаў некалькі афіцыйных лістоў да "Твітара", звяртаўся да іх прэсы. А я з свайго боку зараз рыхтую чарговы стос паштовак. 
Еўрарадыё: Гэта значыць, што, як і раней, будзеце адсылаць працаўнікам тых сайтаў, іх рэдактарам свае лагодныя паштоўкі? А колькі вы збіраецеся іх адаслаць?
Дар'я Бароўская: Сёння я падрыхтавала 20 паштовак, зараз працую над спісам і, мяркую, усіх будзе 40.
Еўрарадыё: Дар'я, што б вы маглі параіць інтэрнэт-карыстальнікам, якія хацелі б далучыцца да вашай акцыі?
Дар'я Бароўская: Я стараюся рабіць так, як усё было вельмі карэктна, з добрым настроем, нават весела. Усім, хто хоча, каб назву яго краіны пісалі правільна, не скажаючы, раю, каб яны дасылалі на рускамоўныя сайты свае лісты. Але без істэрыі, каб усё выглядала карэктна і добразычліва. Гэта не вайна. Патрактуйце гэта як адукацыю рускамоўных сайтаў...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі