У ваўкавыскай краме мужчына зарэзаў сябе
У ваўкавыскай прадуктовай краме "Зарніца" 26 красавіка адбыўся суіцыд. У краму зайшоў мужчына, узяў у каўбасным аддзеле нож і ўдарыў сябе ў жывот. Выратаваць яго не ўдалося — мужчына памёр на месцы.
Як піша "Наша Ніва", крама «Зарніца» належыць папраўчай установе — калоніі №11. Пры гэтым крама размяшчаецца па-за тэрыторыяй калоніі — проста ў горадзе.
Загадчыца "Зарніцы" адказваць на пытанні журналістаў адмовілася. А ў суседняй краме прызналіся, што 26 красіавіка да іх заходзіў падазроны пакупнік.
"Учора заходзіў нейкі мужчына — я не магу дакладна сцвярджаць, што гэта ён, але вельмі падобна да таго. Гэта быў чалавек гадоў 40 на выгляд, неахайна апрануты: джынсы расшпіленыя. Невысокі рост, хударлявы мужчына. Было падобна, што ён пад нейкімі наркотыкамі. Спайсы, можа, ці што? Бо вельмі дзіўныя вочы былі ў яго, такія мутныя. Але алкаголем не пахла.
Гэты мужчына спытаў у мяне адвёртку. Кажа, не крыжавую, а плоскую трэба. Я адказала: мы інструментам не гандлюем. Ён адразу выйшаў і пайшоў у "Зарніцу", — расказвае супрацоўніца крамы.
Яна не бярэцца сцвярджаць, што іх наведнік і мужчына, які зарэзаў сябе ў "Зарніцы", — гэта адзін і той самы чалавек. І дадае, што прадавачкі з "Зарніцы" пра здарэнне нічога не расказваюць — верагодна, ім загадалі ні з кім не абмяркоўваць інцыдэнт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.