У Віцебску масава звальняюць тых, хто падпісваўся за вылучэнне Бабарыкі
Віктар Бабарыка на судзе / Reuters
У Віцебску масава звальняюць людзей, якія ў 2020 годзе падпісваліся за вылучэнне Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах, пішуць праваабаронцы "Віцебскай Вясны".
Паведамленні пра звальненні паступаюць ад работнікаў розных віцебскіх прадпрыемстваў. Пад звальненне трапляюць самыя розныя людзі — ад прыбіральшчыцы да начальніка цэха.
Па звестках праваабаронцаў, звольненым кажуць, што "паступіў загад разабрацца". Пры гэтым улады не зважаюць на тое, што збор подпісаў за вылучэнне Бабарыкі на прэзідэнцкія выбары ў 2020-м адбываўся на абсалютна законных падставах.
Падчас збору подпісаў за вылучэнне на прэзідэнцкія выбары людзі пакідалі свае пашпартныя звесткі. Па іх цяпер і звальняюць.
Віктар Бабарыка быў затрыманы з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 года, калі вёз у Цэнтрвыбаркам здаваць сабраныя ў сваю падтрымку подпісы. У ліпені 2021-га яго асудзілі на 14 гадоў, абвінаваціўшы ў адмыванні грошай і атрыманні хабару. Бабарыка віну не прызнаў. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.