У Віцебску страйкуюць індывідуальныя прадпрымальнікі (відэа)
На рынках і ў гандлёвых цэнтрах горада сёння бязлюдна: прадпрымальнікі, якія гандлююць прамысловымі таварамі, не выйшлі на працу.
Такім чынам яны пратэстуюць супраць патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, які лічаць чарговым вымаганнем грошай у дзяржаўны бюджэт. Сваю акцыю пратэсту віцебскія прадпрымальнікі называюць "аднадзённым папераджальным спыненнем працы", але не выключаюць, што з 1 ліпеня працу давядзецца спыніць увогуле.
Як паведамляе "Наша ніва", рынак "Смаленскі" зачынены на 95%, гандлёвыя цэнтры "Эвіком" — на 90%, "Кантынент" — на 50%, "Беларусь" — на 40%, рынак у Лепелі — на 40%, у Магілёве — на 10%.
Сто індывідуальных прадпрымальнікаў баранавіцкага каапрынка накіравалі заяву ў райвыканкам і ў адміністрацыю раённага спажывецкага таварыства. У дакуменце гаворыцца, што яны адмаўляюцца выходзіць на працу 1 ліпеня, а таксама плаціць арэндную плату за перыяд прастоя. Такім чынам яны выказалі сваё незадавальненне ўказам кіраўніка дзяржавы аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці.
Фота, відэа — nn.by