У Вільні прайшоў "Балтыйскі шлях" у падтрымку беларусаў
У Вільні прайшоў "Балтыйскі шлях" у падтрымку беларусаў. Акцыю прымеркавалі да 30-годдзя прыняцця ў Беларусі дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Гэта быў крок да незалежнасці, якую ўдалося здабыць у 1991-м. Краіны Балтыі выйшлі з СССР раней, а незадоўга да гэтага прайшла маштабная акцыя — "Балтыйскі шлях" — жывы ланцуг звязаў тры сталіцы — Вільню, Рыгу і Талін. Людзі ўзяліся за рукі, каб прадэманстраваць імкненне да свабоды і незалежнасці.
Як піша "Новая газета", на "Балтыйскім шляху", які прайшоў у Вільні на праспекце Гедыміна 27 ліпеня, людзі таксама трымаліся за рукі. Яны выказалі салідарнасць з беларусамі, якія змагаюцца за сумленныя выбары і дэмакратычныя перамены. Удзельнікі акцыі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, партрэты беларускіх палітзняволеных. Сярод тых, хто прамаўляў, былі і літоўскія палітыкі, у тым ліку і былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс. Ён пажадаў удачы "тром смелым беларускім жанчынам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.