Бліжэйшымі днямі маразы ў Беларусі аслабеюць
Бліжэйшымі днямі маразы аслабеюць, у Беларусь прыйдзе больш цёплае паветра з Заходняй Еўропы. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавялі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У пятніцу ўначы ў асобных раёнах, а днём на значнай частцы тэрыторыі краіны пройдзе невялікі снег. Зранку і ўдзень месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Слупок тэрмометра ўначы пакажа 4-10 градусаў марозу, удзень будзе ад -4 да +2.
У суботу і нядзелю, 17-18 лютага, надвор'е ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты і больш цёплыя паветраныя масы, якія ідуць з тэрыторыі Балтыйскага мора. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. У асобных раёнах чакаецца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра прагназуецца 1-7 градусаў са знакам "мінус", удзень будзе -3...+3 градусы.
У панядзелак у асобных раёнах Беларусі чакаецца кароткачасовы снег. Месцамі на дарогах галалёдзіца. Уначы слупок тэрмометра апусціцца да 5-11 градусаў ніжэй за нуль, месцамі па поўдні будзе 2-4 градусы марозу. Удзень прагназуецца ад нуля да -6.
У аўторак, 20 лютага, у асобных раёнах пройдзе невялікі кароткачасовы снег. Месцамі на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра чакаецца ад -5 да -11 градусаў, па поўначы пры праясненнях паветра — да 14 градусаў марозу. Удзень слупок тэрмометра падымецца да 2-8 градусаў са знакам мінус.