У выходныя ў Беларусі прагназуюць да 19 градусаў марозу
У бліжэйшыя выходныя ў асобных раёнах Беларусі чакаецца да 19 градусаў марозу. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавялі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У пятніцу скандынаўскі антыцыклон прынясе да нас халоднае паветра з поўначы Еўропы. Будзе пераважна без ападкаў, толькі зранку і ўдзень па поўдні краіны пройдзе невялікі снег. На дарогах утворыцца галалёдзіца. Уначы слупок тэрмометра апусціцца да 2-8 градусаў ніжэй за нуль, пры праясненнях па паўночным усходзе чакаецца да -9...-12 градусаў. Удзень сіноптыкі прагназуюць 1-7 градусаў марозу.
У суботу, 17 сакавіка, уначы па паўднёвай частцы краіны, а ўдзень пераважна па Гомельскай і Магілёўскай абласцях чакаецца снег, месцамі — моцны снег, завіруха. Таксама чакаецца парывісты вецер. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе ад 7 да 13 градусаў марозу, па паўночным усходзе краіны — 14-17 ніжэй за нуль. Удзень чакаецца 3-9 градусаў са знакам "мінус".
Халоднае без ападкаў надвор'е захаваецца і ў нядзелю. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Уначы прагназуецца -11...-17 градусаў, у асобных раёнах слупок тэрмометра апусціцца да 18-19 градусаў марозу. У другой палове дня чакаецца ад нуля да 6 градусаў марозу.
У панядзелак, 19 сакавіка, у асобных раёнах Беларусі пройдзе кароткачасовы снег. На дарогах месцамі захаваецца галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра ўначы будзе -5...-12 градусаў, пры праясненнях чакаецца 13-15 градусаў марозу. Удзень будзе ад 4 градусаў марозу да 3 градусаў цяпла.