У вышэйшую лігу футбольнага чэмпіянату Беларусі выйшлі "Арсенал" і "Дняпро"
Футбалісты "Дняпро" пасля перамогі
25 лістапада адначасова праходзілі ўсе матчы апошняга туру чэмпіянату Беларусі па футболе ў Першай лізе. Другую прамую пуцёўку ў эліту пасля дзяржынскага "Арсенала", які забяспечыў сабе месца ў Вышэйшай лізе датэрмінова, не без праблем атрымаў магілёўскае "Дняпро".
Перад матчам у клуба з Магілёва была роўная колькасць ачкоў з "Віцебскам". Абедзве каманды выйгралі свае сустрэчы апошняга туру. "Віцебск" без праблем адолеў "Хвалю" — 3:0. А "Дняпро" змог прабіць абарону аўтсайдэра дывізіёна — "Асіповічаў" — толькі на 66-й хвіліне, у выніку здабыўшы перамогу з мінімальным лікам.
У выніковай табліцы "Дняпро" аказаўся вышэй дзякуючы перавазе па асабістых сустрэчах. "Віцебск" жа чакаюць пераходныя матчы. У саперніках могуць аказацца "Шахцёр", "Белшына" і "Энергетык-БДУ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.