У якіх краінах уводзілі збор на пакупку валюты і да чаго гэта прывяло

У Беларусі з 20 снежня ўведзены 30% збор на куплю валюты і для прадпрыемстваў, і для грамадзян. Да 50% узняты нарматыў абавязковага продажу прадпрыемствамі валютнай выручкі. Нацбанк таксама павысіў з 24% да 50% стаўкі, па якіх прадстаўляе ліквіднасць іншым камерцыйным банкам.

Такі беспрэцэдэнтны комплекс мер быў прыняты для таго, каб нармалізаваць эканамічную сітуацыю ў краіне. Еўрарадыё паспрабавала разабрацца, ці былі падобныя крокі калі-небудзь прынятыя ў іншых краінах?

Варта адзначыць, што тэмпы інфляцыі, блізкія беларускім, у апошні час, акрамя постсавецкай прасторы і Афрыкі, былі ўласцівыя толькі Аргенціне.

У 2013 годзе залатавалютныя рэзервы гэтай краіны паменшыліся на 30%, у сувязі з чым на пачатку 2014 года мясцовы ўрад увёў шэраг абмежаванняў на аперацыі з замежнай валютай. Любое набыццё імпартных тавараў аргенцінцамі праз міжнародныя сайты мусіла быць задэклараванае.

Так, тавары, што ўвозіліся праз Amazon і eBay, перасталі дастаўляцца па пошце на хатні адрас, іх спынялі на мытні. Дэклараванню і абкладанню падаткам у 50% ад кошту тавару падлягалі любыя пасылкі на суму звыш 25 долараў.

Адным з абмежаванняў, якое ўводзілася, каб утрымаць золатавалютныя рэзервы, быў 35% тарыф на любыя аперацыі па крэдытнай карце за мяжой. Тады доўгі час шараговы грамадзянін Аргенціны мог набываць долары і іншую замежную валюту па афіцыйным курсе толькі па дазволе падатковых органаў у абмежаванай колькасці і толькі для выезду за мяжу. Купля долараў у мэтах назапашвання была забароненая.

Варта адзначыць, што пасля ўвядзення валютных абмежаванняў у краіне з'явіўся вялікі чорны рынак, інфляцыя не надта знізілася (за 2014 год яна будзе складаць амаль 37%), ды і золатавалютныя рэзервы знаходзяцца не ў лепшым стане. Такім чынам, пакуль складана назваць гэтыя меры паспяховымі.

Пра тое, дзе яшчэ ўводзіліся падобныя меры рэгулявання эканомікі Еўрарадыё пагутарыла з эканамічным аглядальнікам БелГазеты Сяргеем Жбанавым.

Эксперт расказвае, што ідэя 30% збору падчас пакупкі валюты зусім не новая. Так, напрыклад, Украіна, у мінулым годзе ўводзіла спачатку 0,5%, а потым 1,5% збор на куплю валюты, але ў іх выпадку, гэта рабілася для папаўнення пенсійнага фонду. А не тое, што ў нашым — для абмежавання попыту на валюту і імпартныя тавары. Дарэчы, нашы паўднёвыя суседзі для тых жа мэтаў, што і мы цяпер, збіраюцца уводзіць збор на імпарт нехарчовых тавараў — на 10%, і 5% для харчовых.

Але вырашыць гэтыя праблемы вышэйназванымі мерамі амаль немагчыма, лічыць эксперт, бо такім чынам не прымусіш насельніцтва купляць тавары айчыннай вытворчасці.

Сяргей Жбанаў адзначае, што крок з павелічэннем абавязковага продажу дзяржаве часткі валютнай выручкі таксама шмат дзе сустракаўся.

“Такое заўжды ўжывалася, асабліва ў 90-я, у Расіі і яшчэ шмат дзе. Асабліва, калі звярталіся да метадаў жорсткага валютнага рэгулявання.

Толькі варта адзначыць, што такі ўзор адміністравання валютнага рынка не прыносіць якога-кольвек значнага эфекту”.

У нашых суседзяў гэта зразумелі, і падобныя ініцыятывы цяпер, падчас іх сёлетняй дэвальвацыі, не прымаліся.

Прафесар, доктар эканамічных навук Уладзімер Тарасаў кажа, што падобны да нашага комплекс мер наўрад ці прымаўся дзе-небудзь яшчэ. Але некаторымі з іх урады розных краін карысталіся. Напрыклад, нарматыў абавязковага продажу прадпрыемствамі валютнай выручкі бываў часам і вышэйшы.

“Такая ж праблема была ў пасляваеннай Японіі. Там прадпрыемствы-экспарцёры мусілі прадаваць 100% валютнай выручкі. Так званыя, упаўнаважаныя банкі валютную выручку прымалі, і потым самі выдавалі крэдыты. Эканоміка кіравалася такім чынам гадоў дзесяць, што значна дапамагло яе пад’ёма”.

Пра тое самае распавядае і кандыдат эканамічных навук Аляксандр Шашко.

“У Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы, Босніі і Герцагавіне і яшчэ дзясятку дзяржаў абавязковы нарматыў продажу валютнай выручкі прадпрыемствамі складае ад 50% да 100%. Што тычыцца бліжэйшых суседзяў, дык ва Украіне ў гэтым годзе норма складала 100%, цяпер яе ўжо зменшылі да 75%.

Сам продаж валютнай выручкі дзяржаве — гэта зусім не ўнікальная з’ява і 50% гэта не максімальная стаўка з тых, што існуюць у свеце”.

Што тычыцца працэнтнай стаўкі, па якой цэнтральны банк прадстаўляе ліквіднасць іншым камерцыйным банкам, дык нашы 50% таксама не самыя высокія. Філіпіны мелі 56,6% у 1990 годзе, а Турцыя — 500% у сакавіку 1994. У большасці выпадкаў такія стаўкі былі кароткатэрміновыя, дадае эксперт.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі