У жлобінскіх сасісках вышэйшага гатунку выявілі кішэчныя палачкі
Сасіскі, ілюстрацыйнае фота
У сасісках з птушкі, зробленых на Жлобінскім мясакамбінаце, выявілі каліформныя бактэрыі. Гэта сведчыць пра фекальнае забруджванне прадукту, паведамляе Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Гаворка ідзе пра сасіскі "Франкфурцкія" вышэйшага гатунку, зробленыя на мясакамбінаце 5 чэрвеня. Яны не адпавядаюць мікрабіялагічным паказчыкам бяспекі.
Каліформы — гэта бактэрыі групы кішэчных палачак, якія сустракаюцца ў фекаліях чалавека і цеплакроўных жывёл.
Дарэчы, санэпідслужба выявіла каліформы таксама ў бісквітным пірожным "Клубнічнае" расійскай гандлёвай маркі "Рускі бісквіт". Таксама санслужба забракавала чорную байхавую гарбату "Лісма" ў пакеціках — там знайшлі цвіль. Нітраты выявілі ў бураках з Узбекістана, капусце з Казахстана і кавунах з Турцыі. А ў некаторых расійскіх акварэльных фарбах для малявання былі парушаныя патрабаванні якасці па ўтрыманні фармальдэгіду.
Уся гэтая прадукцыя канфіскаваная з абарачэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.