У Жыткавіцкім раёне ДАІ прастрэліла тры колы на аўто п’янага кіроўцы

У Жыткавіцкім раёне ДАІ прастрэліла тры колы на аўто п’янага кіроўцы

Пагоню са стральбой па колах зладзілі супрацоўнікі ДАІ ў Жыткавіцкім раёне ў нядзелю, 15 лістапада. Увагу інспектараў прыцягнуў аўтамабіль “Фольксвагена Шаран”, які ехаў з боку вёскі Дзедаўка. Кіроўца таксама заўважыў патруль, адразу рэзка развярнуўся і паспрабаваў уцячы. ДАІ распачало пераслед.

Інспектары пагналіся за “Фольксвагенам” пры ўключаных маячках і гукавым сігнале. Яму неаднаразова прапаноўвалі спыніцца, аднак парушальнік не рэагаваў, а толькі павялічваў хуткасць. Ён праляцеў па вуліцах вёскі і накіраваўся ў бок аўтатрасы, дзе ствараў рэальную пагрозу для іншых удзельнікаў дарожнага руху. За межамі населенага пункта ДАІ вырашыла выкарыстаць зброю.

Спачатку быў зроблены папераджальны стрэл у паветра, а потым пачалася прыцэльная стральба па колах. Толькі калі тры колы былі прабітыя, машына нарэшце спынілася. Шафёр выскачыў з яе і паспрабаваў уцячы пешшу, але яго хутка злавілі. У яго былі відавочныя прыкметы алкагольнага ап’янення, аднак ён адмовіўся ад медыцынскага агляду, піша “Гомельская праўда”.

Асобу “шумахера” вызначылі — гэта 42-гадовы жыхар вёскі Баравая Жыткавіцкага раёна. Паколькі сёлета ён ужо не першы раз папаўся на п’янай яздзе, машыну ў яго адбяруць.

Фота: ДАІ

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі