Уцекачы ў Беларусі: 105 рублёў на харчаванне і 84 рублі на адзенне

Уцекачы ў Беларусі: 105 рублёў на харчаванне і 84 рублі на адзенне

“Please, don’t shoot me on the camera! / Калі ласка, не здымайце мяне!” — з гэтымі словамі на парозе двухпавярховага будынка мяне сустракае мужчына-іншаземец, 39-гадовы ўцякач з Афганістана. Разам з жонкай і шасцю дзецьмі ён 6 месяцаў чакае атрымання ў Беларусі афіцыйнага статусу бежанца. Будынак, які мы наведваем, — “Пункт часовага ўтрымання асобаў, якія шукаюць прытулак і дадатковую абарону на тэрыторыі Беларусі” ў Брэсце. 

Уцекачы ў Беларусі: 105 рублёў на харчаванне і 84 рублі на адзенне

Пакоі на 3-4 ложкі, агульная кухня, душ, сумешчаны з туалетам, гасцёўня з канапамі — усё нагадвае звычайны студэнцкі інтэрнат ці нават бюджэтны хостэл. Прыняць такі “хостэл” можа да 15 чалавек. Цяпер тут жыве 10: 9 уцекачоў з Афганістана і адзін з Эрытрэі — краіны ў паўночна-ўсходняй частцы Афрыкі.

Уцекачы ў Беларусі: 105 рублёў на харчаванне і 84 рублі на адзенне

Пасля знаёмства з жонкай і дзецьмі мы сядаем у гасцёўні. Адразу прыцягвае ўвагу настаўніцкая дошка і сшыткі на стале перад ёй. Аказваецца, жыхары Цэнтра стала вывучаюць тут расійскую мову. Як дзеці, так і дарослыя. Гэта не патрабаванне, а іх асабістае жаданне. Міграцыйная служба такую просьбу задаволіла — забяспечыла рэпетытарам. 

Уцекачы ў Беларусі: 105 рублёў на харчаванне і 84 рублі на адзенне

Мужчына гутарыць з намі па-ангельску, так яму пакуль лягчэй. Мова — не галоўнае патрабаванне нашай размовы. Афганец просіць не называць яго імені, а таксама не публікаваць фота ні яго, ні сям’і. Па словах уцекача, калі іх пазнаюць, родныя, што засталіся на радзіме, могуць мець праблемы.

“Нам асабіста пагражалі, бо ўся мая сям'я працавала на замежнікаў. Таму мы не можам вярнуцца назад… Увогуле я бухгалтар, маю вышэйшую адукацыю. Там я меў добрую працу, добры заробак. Ніколі не думаў пакідаць свой край, але няма нічога больш важнага за маё жыццё  і жыццё маёй сям’і…” 

Распавядаць больш пра праблемы на радзіме адмаўляецца — падрабязнасці таксама могуць дапамагчы яго ідэнтыфікаваць. Ён адразу пераключаецца на больш прыемныя тэмы. З усмешкай на твары кажа, што ў Беларусі ім падабаецца —прыгожая краіна, добрыя людзі. Праўда, прызнаецца, што наша краіна не была для яго канечным пунктам. Першапачаткова ён збіраўся даехаць да родных у Германію, але не змог трапіць у Шэнгенскую зону.

 

Уцекачы ў Беларусі: 105 рублёў на харчаванне і 84 рублі на адзенне

На сціплыя ўмовы ў пункце часовага ўтрымання наш суразмоўца не скардзіцца. Адзінае, што расчароўвае, — не можа пакуль знайсці працу. Па-першае, хочацца знайсці хоць нешта звязанае са спецыяльнасцю, па-другое, моўны бар’ер. Утрымліваць сям’ю з васьмі чалавек пакуль даводзіцца на зберажэнні, што прывезлі з сабою.

Пункт часовага ўтрымання мігрантаў знаходзіцца на тэрыторыі Брэсцкай памежнай групы імя  Дзяржынскага. Менавіта памежнікі наглядаюць за яго жыхарамі, якія мусяць прытрымлівацца пэўнага раскладу і правілаў. Напрыклад, брамка ў двор зачыняецца а 23-й вечара, алкаголь у будынку забаронены — усё як у студэнцкім інтэрнаце.

Уцекачы ў Беларусі: 105 рублёў на харчаванне і 84 рублі на адзенне

“Яны маюць права працаваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі, вядома, захочуць гэтага. Шмат каму прапаноўваць тыя ж самыя калгасы, пры якіх таксама выдзяляюць і хаты. Шмат каму гэта падабаецца — шмат хто едзе туды. З апошняга, што памятаю: грамадзянін Грузіі там працаваў, украінцы, чачэнцы — усіх уладкоўвалі без пытанняў,” — распавядае маёр Брэсцкай Памежнай групы Валер Бурнашоў.

Будынак суседнічае з ізалятарам часовага ўтрымання. Там чакаюць свайго лёсу затрыманыя парушальнікі мяжы і мігранты з крымінальным мінулым на радзіме. Легальных мігрантаў ад нелегальных аддзяляе бетонны плот з калючым дротам.

Уцекачы ў Беларусі: 105 рублёў на харчаванне і 84 рублі на адзенне

Па словах начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандра Тамашова, бежанцы жывуць за кошт Міністэрства унутраных спраў.

Тамашоў: “Ім даецца аднаразовая дапамога. Таксама ёсць дапамога на харчаванне і гэтак далей. Жывуць яны за наш кошт — кошт МУС. Акрамя таго, яны маюць дапамогу ад Чырвонага Крыжа. Медыцынская дапамога для іх бясплатная. Дзеці будуць наведваць базавую школу”.

Хадайніцтва аб атрыманні статусу бежанца разглядаецца да 6 месяцаў. З кандыдатамі праводзяць інтэрв’ю: чаму яны хочуць атрымаць статус бежанца ў Беларусі, якія маюць праблемы на радзіме і гэтак далей. Па словах Аляксандра Тамашова, супрацоўнікі спрабуюць разглядаць хадайніцтвы як мага хутчэй.

Даведка Еўрарадыё:

Замежнікі, якія падаюць хадайніцтва аб атрыманні статусу бежанца, атрымліваюць аднаразовую фінансавую дапамогу — 21 BYN (адна базавая). Акрамя таго, пакуль разглядаецца хадайніцтва, яны могуць атрымаць дадатковую дапамогу на харчаванне — 105 BYN (пяць базавых велічынь) і на адзенне — 84 BYN (чатыры базавыя). Ужо пасля атрымання статусу бежанца выдаецца яшчэ адна аднаразовая дапамога ў 21 BYN.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі