Удзел у праграме Каліноўскага больш не гарантуе бясплатнай вучобы

Універсітэт Адама Міцкевіча ў Познані / eurostudy.info
Універсітэт Адама Міцкевіча ў Познані / eurostudy.info

Беларускія студэнты — удзельнікі праграмы Каліноўскага больш не вызваляюцца ад аплаты за навучанне ў польскіх ВНУ. Рашэнне аб стыпендыі, якая пакрывае кошт адукацыі, кожны канкрэтны ўніверсітэт цяпер прымае асобна. Звязана гэта са зменамі ў польскім заканадаўстве аб адукацыі.

Раней удзельнікі праграмы Каліноўскага маглі вучыцца ў Польшчы бясплатна, атрымліваць стыпендыю і прайсці гадавы бясплатны курс польскай мовы.

"Фактычна запрашаюць на простую платную вучобу"

— У 2017-м мяне, як чалавека, адлічанага за арганізацыю і ўдзел у пратэстах, запрасілі ў праграму Каліноўскага. Я пачаў бясплатны гадавы курс польскай мовы ў Любліне. Пасля паступіў у Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. Але тыдзень таму я атрымаў адмову ад універсітэта наконт аплаты майго навучання, — расказвае Еўрарадыё Крысціян Шынкевіч. — Закон больш не прадугледжвае вызвалення ад платы за навучанне для атрымальнікаў праграмных стыпендый. Цяпер гэты пункт проста прыбралі.

Ёсць яшчэ адна праблема, з якой сутыкаюцца ўдзельнікі праграмы Каліноўскага: калі студэнт атрымлівае стыпендыю — ён не мае права працаваць. Памер стыпендыі — 1250 злотых (900 рублёў) у месяц. Сума зусім невялікая для таго, каб жыць у Польшчы, не кажучы ўжо пра аплату навучання.

Участие в программе Калиновского больше не гарантирует бесплатную учёбу
Крысціян Шынкевіч / vk.com

— Атрымліваецца, праграма Каліноўскага прапануе дапамогу студэнтам з Беларусі, якія былі дэпартаваныя, рэпрэсаваныя і апынуліся ў складанай сітуацыі. Але потым універсітэты адказваюць, што не могуць па законе аплачваць іх вучобу. Проста нават не ва ўсіх універсітэтах статут дае права рэктару гэта зрабіць. Фактычна Польшча кліча на простую платную вучобу, абяцаючы толькі стыпендыю 1250 злотых у месяц. Год вучобы каштуе ў сярэднім 6-8 тысяч злотых, а на медыцынскіх спецыяльнасцях аж да 50 000 злотых, — дадае Крысціян.

Салідарнасць з беларусамі

Але некаторыя польскія ўніверсітэты ўжо абвясцілі, што падтрымаюць беларусаў. Напрыклад, беларусы, якіх адлічаць у сувязі з палітычным крызісам, змогуць паступіць на бясплатнае навучанне ва ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані.

— Гэта выражэнне салідарнасці акадэмічнай супольнасці з беларускім грамадствам і падтрымка яго барацьбы за свабодную, дэмакратычную, грамадзянскую і законапаслухмяную краіну, — гаворыцца ў паведамленні на сайце ўніверсітэта.

Пра гатоўнасць аплаціць вучобу адлічаных па палітычных прычынах беларусаў заявіў таксама Варшаўскі ўніверсітэт. Беларусы атрымаюць стыпендыі для навучання ў Польшчы, а таксама магчымасць стажыравацца ў Варшаве ў рамках стыпендыяльнай праграмы Каліноўскага.

Анансаваў дадатковы мэтавы набор для беларускіх студэнтаў Сілезскі ўніверсітэт у Катавіцах. У паведамленні не ідзе гаворкі пра бясплатную вучобу, але беларусам прапануюць бясплатныя заняткі па польскай мове, магчымасць пражываць у інтэрнаце, псіхалагічную, прафесійную і юрыдычную падтрымку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі