Украіна дала надзею, што ў свеце перамагаюць не грошы, а каштоўнасці — Зяленскі
Уладзімір Зяленскі / скрыншот відэа
Украіна адзначае 24 жніўня Дзень незалежнасці. Паўгода таму, калі пачалася вайна, "нам казалі: у вас няма шанцаў. 24 жніўня мы кажам: "З Днём незалежнасці, Украіна", заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі з нагоды свята. Свой зварот да ўкраінцаў ён запісаў з цэнтра Кіева. Там у гэтыя дні выстаўленая разбітая расійская тэхніка.
Паводле словаў Зяленскага, за гэтыя 6 месяцаў украінцы "змянілі гісторыю, змянілі свет і змяніліся самі". "Цяпер дакладна ведаем, хто нам сапраўдны сябар і брат, а хто нават не выпадковы знаёмы... Мы зразумелі, хто ёсць хто, а ўвесь свет даведаўся, хто такія ўкраінцы. І што такое Украіна. Больш ніхто не скажа пра яе: гэта недзе там, каля Расіі", — адзначыў украінскі прэзідэнт.
Ён перакананы, што ўкраінскі народ і яго мужнасць натхнілі ўвесь свет, далі чалавецтву новую надзею, што "справядлівасць не пакінула наш цынічны свет канчаткова. І ў ім усё яшчэ перамагаюць не сіла, а праўда. Не грошы, а каштоўнасці, не нафта, а чалавек".
З віншаваннямі з нагоды Дня незалежнасці да ўкраінскага народа звярнуўся і Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што "сённяшнія супярэчнасці не змогуць разбурыць шматвяковы падмурак шчырых добрасуседскіх адносін паміж народамі дзвюх краін". Нягледзячы на тое, што з тэрыторыі Беларусі ажыццяўляюцца абстрэлы Украіны, Лукашэнка палічыў магчымым пажадаць украінцам "мірнага неба, талерантнасці, мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні годнага жыцця".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.