Украіна ініцыюе працэс выключэння Расіі з Савета бяспекі ААН
Украіна намагаецца выключыць Расію з ААН / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Украіна ініцыюе працэс выключэння Расіі з Савета бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ўвогуле з ААН. З адпаведнай заявай выступіла ўкраінскае Міністэрства замежных спраў. У ёй падкрэсліваецца "незаконнасць" знаходжання там РФ: "Расійская Федэрацыя заняла крэсла сталага члена Саўбеза ААН у абыход вызначаных Статутам ААН працэдур". Па версіі Кіева, адбылося гэта толькі на падставе ліста прэзідэнта Барыса Ельцына генеральнаму сакратару ААН ад 24 снежня 1991-га.
"З юрыдычнага і палітычнага пунктаў гледжання можа быць толькі адна выснова: Расія — узурпатар месца Савецкага Саюза ў Савеце бяспекі ААН... Па сутнасці, гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі ААН", — заяўляе МЗС Украіны. Таксама звяртаецца ўвага на тое, што "сумнеўным з'яўляецца і права Расійскай Федэрацыі ўваходзіць у склад ААН у цэлым, паколькі яна не адпавядае асноўнаму крытэру сяброўства ў арганізацыі" — не адносіцца да ліку "міралюбных дзяржаў".
"Тры дзесяцігоддзі яе незаконнага знаходжання ў ААН адзначаныя войнамі і захопам тэрыторый іншых краін, сілавым змяненнем міжнародна прызнаных межаў, спробамі задаволіць захопніцкія і неаімперскія амбіцыі, — гаворыцца ў заяве ўкраінскага МЗС. — Украіна цяпер пакутуе ад поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі. Яму папярэднічалі 8 гадоў узброенай агрэсіі супраць нашай дзяржавы... Геаграфія злачынстваў Расійскай Федэрацыі супраць міжнароднага міру і бяспекі выходзіць далёка за межы Украіны".
МЗС Украіны заклікае краіны-ўдзельніцы ААН разгледзець пытанне "легітымнасці знаходжання Расійскай Федэрацыі ў ААН" і выключыць РФ з арганізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.