Украіна канфіскавала маёмасць вайсковай часці з Беларусі

Цэх "Мотор Січ" / gettyimages.at

Цэх "Мотор Січ" / gettyimages.at

Украіна канфіскавала маёмасць вайсковай часці з Беларусі. Калегія суддзяў вышэйшага антыкарупцыйнага суда Украіны задаволіла іск украінскага Мінюста да Міністэрства абароны Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.

Гаворка пра авіязапчасткі, якія былі на рамонце ў кампаніі "Мотор Січ" у Запарожжы (паступілі туды яшчэ да 24 лютага 2022-га). Гэта — авіярухавік і сістэма электрычнага авіяцыйнага пуску. Іх знайшлі падчас ператрусаў, якія праводзіліся па справе кіраўніка кампаніі "Мотор Січ" Вячаслава Багуслаева. На авіярухавіку быў адбітак пячаткі "Вайсковая часць 19764". Вядома, што яна дыслакуецца ў Лідзе ў Гродзенскай вобласці.

Мінюст Украіны ў сваім іску спаслаўся на закон аб санкцыях. Згодна з украінскім заканадаўствам, Міністэрства абароны РБ можа звярнуцца з апеляцыйнай скаргай на працягу пяці дзён з моманту абвяшчэння рашэння.

Украіна і раней арыштоўвала маёмасць Беларусі, якая апынулася на яе тэрыторыі пасля пачатку расійскай агрэсіі. РБ страціла сотні вагонаў і цыстэрнаў, будаўнічую тэхніку, грузавікі, беларускае судна, верталёт, сталь, калійныя ўгнаенні ды шмат іншага. У Мінску прызналі "істотныя страты для эканомікі". Адказаць "сіметрычна" на гэта Украіне рэжым Аляксандра Лукашэнкі не можа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі