Украіна расследуе пастаўкі з Беларусі цэменту і стальных пруткоў
Украіна расследуе пастаўкі з Беларусі, а таксама з Малдовы і Расіі, цэменту і стальных пруткоў (вугляродзістая і легіраваная сталь). Як інфармуе прэс-служба Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны, у Кіеве не выключаюць, што могуць знайсці доказы наяўнасці дэмпінгу, магчымага недобрасумленнага імпарту. Працуе міжведамственная камісія па міжнародным гандлю, задача якой — абарона ўкраінскага вытворцы. Па выніках расследавання ўкраінскія чыноўнікі прымуць рашэнне наконт выкарыстання "адпаведных антыдопінгавых захадаў".
Вядома, што за першыя чатыры месяцы 2018 года наша краіна паставіла ва Украіну цэменту на 3 мільёны долараў, а стальных пруткоў — на амаль $15 млн. Украінскі бок неаднаразова абвінавачваў беларускіх вытворцаў у пастаўках таго ж цэменту па заніжаных цэнах.