Украіна стварыла ў РФ сетку агентаў, якім кантрабандай перадаюць дроны — CNN
Падрыхтоўка дрона для атакі / cnn.com
Украіна стварыла ў Расіі сетку агентаў, якім кантрабандай перадаюць дроны для здзяйснення дыверсій. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN са спасылкай на неназваныя крыніцы, знаёмыя з данымі амерыканскай разведкі. Мяркуецца, што ўдзельнікі сеткі маюць дачыненне да вядомай атакі на Крэмль.
Сцвярджаецца, што ў сетку ўваходзяць па-праўкраінску настроеныя людзі, якія добра падрыхтаваныя для вядзення такога роду вайны. Яны атрымліваюць беспілотнікі ўкраінскай вытворчасці. Крыніцы CNN кажуць, што не ведаюць дакладных маршрутаў, па якіх перадаюць кантрабанду. Пры гэтым звяртаецца ўвага на працяглую ўкраінска-расійскую мяжу, якую расіянам стала ўсё цяжэй кантраляваць. І таму зусім магчыма, што праз яе ў пэўных месцах перапраўляюць у РФ грузы.
Дакладна невядома, якая ўкраінская спецслужба кантралюе згаданую сетку агентаў. Але на стварэнне яе інфраструктуры спатрэбілася шмат месяцаў.
Расійскія прапагандысты сцвярджаюць, што падобная сетка была створана расійскімі спецслужбамі ва Украіне. Але пасля 24 лютага 2022-га ўкраінскія спецслужбы затрымалі ці знішчылі большасць яе ўдзельнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.