Украіне можа не хапіць дронаў з-за абмежаванняў з боку Кітая — што кажуць у ПКК?
Дрон
Украіна можа стукнуцца з нястачай дронаў з-за абмежаванняў з боку Кітая, піша BBC. Пекін патрабуе, каб камерцыйныя кітайскія дроны не выкарыстоўваліся ў вайсковых цэлях.
Абмежаванні датычацца апаратаў вагой больш за 4 кг, а таксама звязанага з дронамі абсталявання — некаторых камер і радыёмодуляў. Цяпер кітайскія вытворцы такога абсталявання абавязаны будуць падаваць заявы на экспартныя ліцэнзіі і сертыфікаты канчатковага карыстача.
Цяжкасці з доступам да запчастак асабліва моцна адчуюць тыя, хто самастойна збірае дроны ці перарабляе камерцыйныя мадэлі для выкарыстання на вайне.
“Вымогі Кітая абмежавалі доступ Украіны да кампанентаў дронаў, — кажа старэйшы аператар дронаў з палка Кастуся Каліноўскага. — Але мы шукаем альтэрнатывы, каб нашы дроны працавалі гэтак жа, як і раней”.
Украінскія валанцёры і вайскоўцы кажуць, што гэтыя абмежаванні пакуль не асабліва паўплывалі на даступнасць дронаў — але сітуацыя можа змяніцца ў будучыні. Таму яны сталі актыўней скупляць рэшткі, якія яшчэ ёсць на еўрапейскіх складах. Некаторыя валанцёры кажуць, што кітайскія абмежаванні могуць стымуляваць вытворчасць запчастак для дронаў проста ва Украіне.
У вайне камерцыйныя дроны выкарыстоўваюцца нароўні з адмысловымі вайсковымі распрацоўкамі. І шмат якія з дронаў, якія выкарыстоўваюць як Расія, так і Украіна, вырабляюцца менавіта ў Кітаі. Пры гэтым страты гэтай тэхнікі ў вайне значныя — паводле дадзеных лонданскага аналітычнага цэнтра Rusi, Украіна губляе каля 10 тысяч дронаў штомесяц. З праблемамі стукнулася не толькі Украіна — Расію гэтыя кітайскія абмежаванні таксама закранулі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.