Украінец адмовіўся даваць паказанні па справе беларуса Аўтуховіча на запыт КДБ
Экс-камандзір украінскага добраахвотнага батальёну "Данбас" Сямён Сяменчанка адмовіўся адказваць на пытанні беларускага следства ў справе Мікалая Аўтуховіча, паведамляе Радыё Свабода. Сам Сяменчанка знаходзіцца ва Украіне пад вартай паводле абвінавачання ў стварэнні "незаконнага ўзброенага фармавання". 8 снежня ў Шаўчэнкаўскім раённым судзе Кіева ён заявіў, што не захацеў дапамагаць "асудзіць беларускіх патрыётаў за тэрарызм". Паводле яго слоў, знайшліся нейкія людзі, якія такія паказанні на запыт КДБ даюць. Хто яны такія, невядома.
Ветэран вайны ў Афганістане, былы прадпрымальнік Аўтуховіч праходзіць у Беларусі па крымінальнай справе аб тэрарызме. Па версіі КДБ, "група Аўтуховіча" падпаліла дом міліцыянера ў Ваўкавыску і падарвала аўтамабіль супрацоўніка міліцыі ў Гродне. Зброю і боепрыпасы яна нібыта дастаўляла з Украіны. Сямён Сяменчанка яшчэ ў лютым 2021-га абверг сувязь з Мікалаем Аўтуховічам. Перад гэтым тэлеканал АНТ паказаў двухсерыйны фільм з гучнай назвай "Тратыл пратэсту", у якім згадваліся іх кантакты.
Сяменчанку абурае, што Украіна выконвае запыты КДБ Беларусі. Між іншым, беларускі бок цікавяць пэўныя нумары тэлефонаў украінскіх аператараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.