Украінская міліцыя пачала дзве крымінальныя справы за штурм Кабміна (відэа)

Крымінальныя справы вядзе Пячэрскае райупраўленне міліцыі Кіева. Нагодай сталі сутычкі апазіцыйных актывістаў і міліцыі, якія адбыліся ў нядзелю каля будынка Кабінета міністраў.



Як паведамляе сайт podrobnosti.ua, крымінальная вытворчасць адкрытая за хуліганства і за супраціў работніку праваахоўнага органа. Цяпер вывучаюцца фота- і відэаматэрыялы ў рамках адкрытай вытворчасці.



Паводле інфармацыі міліцыі, у сувязі са скаргамі народных дэпутатаў на дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў матэрыялы мусяць быць перададзеныя ў пракуратуру Кіева. Яна высветліць законнасць дзеянняў міліцыянтаў падчас бойкі каля Кабміна 24 лістапада.

Нагадаем, 21 лістапада Вярхоўная рада праваліла ўсе варыянты законаў аб выездзе былога прэм’ера Украіны Юліі Цімашэнка на лячэнне за мяжу. У выніку яна засталася за кратамі, а адна з умоў Еўрасаюза напярэдадні падпісання Дамовы аб асацыяцыі была не выканана. Пазней Кабінет міністраў Украіны распарадзіўся прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння Дамовы і даручыў шэрагу міністэрстваў засяродзіцца на развіцці адносінаў з СНД і Мытным саюзам, а таксама загадаў нармалізаваць адносіны з Расіяй.

Акрамя таго, Кабінет міністраў ініцыяваў стварэнне трохбаковай камісіі пры ўдзеле ЕС і Расіі.

Пазней, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у тэлефоннай гутарцы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ патлумачыў, што Кіеў не можа падпісаць дамову з Еўрасаюзам з-за эканамічнага ціску і шантажу Расіі.

Януковіч заявіў аб пагрозах абмежаваць імпарт тавараў з Усходняй Украіны. А гэта, па падліках Кіева, магло б прынесці мільярдныя страты.

Дамова аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам падпісваецца з краінай, што не з’яўляецца сябрам ЕС. Яна прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы палітыкі, гандлю, сацыяльных, культурных сувязяў і ўмацаванне бяспекі. Краіна, што падпісвае такую дамову з ЕС, павінна правесці адпаведныя рэформы. У абмен на гэта яна можа атрымаць бяспошлінны доступ да рынкаў ЕС, а таксама фінансавую або тэхнічную дапамогу. Пагадненне аб асацыяцыі ўключае ў сябе і пагадненне аб свабодным гандлі.



Фота — comments.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі