Украінскі дэпутат пра Ціханоўскую: Яе пазіцыя па Расіі "недастаткова зразумелая"
Святлана Ціханоўская
Кіраўнік камітэту па знешніх справах Вярхоўнай Рады Аляксандр Мярэжка патлумачыў, чаму ў Кіеве не прызнаюць Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай. Там "недастаткова разумеюць" пазіцыю лідаркі беларускай апазіцыі "адносна Расіі і Пуціна".
"Яна быццам бы баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, ясна сказаць, што Расія – тэрарыстычная дзяржава, агрэсар і вораг беларускага народу. Да таго ж у яе асяроддзі ёсць некалькі сумнеўных асобаў. Яна таксама рабіла заявы, звязаныя з Украінай, якія выклікалі непаразуменне ва Украіне", — распавёў "Слуга народа".
Мярэжка дадаў, што легітымным беларускім органам, з якім Кіеў мог бы весці перамовы, мог бы стаць полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ў складзе ўзброеных сілаў Украіны.
Між тым, Ціханоўская адназначна выказваецца і пра Расію як тэрарыстычную дзяржаву, і пра тое, што ў вайне, якую РФ развязала супраць Украіны, яна на ўкраінскім баку. Днямі яна звярталася да афіцыйнага Кіева з прапановай супрацы. Украіна пакуль ніяк не адрэагавала на гэты зварот.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.