Украінскія СМІ: Народны дэпутат Украіны Брыгінец затрыманы ў Мінску

Прычына затрымання нібыта тое, што палітык з’яўляецца персонай нон-грата ў Беларусі. Пра гэта паведамляе “Украінская праўда” са спасылкай на Фонд “Адкрыты дыялог”.

“Мне паведамілі, што я з’яўляюся персонай нон-грата ў Беларусі. Гэта для мяне дзіўна, бо я заўжды падтрымліваў гэтую краіну і падзяляў ацэнкі сітуацыі яе кіраўніцтвам. Гэта можа сведчыць толькі пра адно – незалежнай беларускай палітыкі няма, яна цалкам базуецца на патрабаваннях “старэйшага брата”, — цытуюць украінскія СМІ словы дэпутата Вярхоўнай Рады.

Паведамляецца, што Аляксандр Брыгінец уваходзіў у склад дэлегацыі, якая накіроўвалася ў Маскву праз Мінск з мэтай назірання за працэсам над украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка. Праграмай візіту запланаваныя сустрэчы з адвакатам Надзеі, праваабаронцамі, наведванне лётчыцы ў СІЗА Варонежа.

У склад дэлегацыі, сфармаванай Фондам “Адкрыты дыялог” пры дапамозе МЗС Украіны, апроч Аляксандра Брыгінца ўваходзілі народныя дэпутат Украіны Аксана Продан і Алег Асухоўскі, парламентарыі Польшчы Томаш Макоўскі і Малгажата Гасіеўская, прадстаўнікі Фонду “Адкрыты дыялог”, “Цэнтра грамадзянскіх свабод”, “Цэнтра інфармацыі аб правах чалавека”, украінскія журналісты.

МЗС Украіны ўжо праінфармаваны аб інцыдэнце.

Фота: telegraf.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі