Улады Гродна дазволілі канцэрт-мітынг да Дня Волі

Улады Гродна дазволілі канцэрт-мітынг да Дня Волі

Гродзенскі гарвыканкам ухваліў заяўку на святочны канцэрт-мітынг 25 сакавіка. Ён пройдзе ў Каложскім парку горада, перадае Радыё "Свабода" са словаў аднаго з арганізатараў мерапрыемства Вадзіма Саранчукова.

Збор удзельнікаў прызначаны на 13-ю гадзіну ў Каложскім парку Гродна. Канцэрт-мітынг пачнецца а 14-й гадзіне і працягнецца да 17-й. Паведамляецца, што падчас канцэрту будзе працаваць фудкорт і сувенірны кірмаш. Гарадскія ўлады дазволілі прыносіць бел-чырвона-белыя сцягі і выявы герба "Пагоня".

Арганізатары Дня Волі ў Гродне яшчэ не вызначылі дакладна спіс музыкаў, якія будуць выступаць на канцэрце. Саранчукоў кажа, што дадаткова ўзгадняць спіс беларускіх музыкаў з уладамі не трэба, а для замежных музыкаў трэба будзе атрымаць канцэртны дазвол. Па словах арганізатараў, ёсць папярэдняя дамова ёсць з гуртом N.R.M. 

23 сакавіка арганізатары плануюць правесці літаратурную вечарыну да 100-годдзя БНР. 24 сакавіка пройдзе беларуская дыктоўка.

Як вядома, мінскія ўлады ўжо дазволілі мітынг і канцэрт 25 сакавіка каля Опернага тэатра. Заяўкі на канцэрты да стагоддзя БНР падалі таксама ў Брэсце і Гомеле. У Баранавічах, Віцебску і Магілёве сябры руху "За свабоду" падалі заяўкі на мітынгі 25 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі