Уладзімір Макей прыляцеў з візітам у Таджыкістан у джынсах і швэдры
Уладзімір Макей прыляцеў з візітам у Таджыкістан / twitter.com/BelarusMID
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыляцеў з візітам у Душанбэ, дзе заўтра адбудзецца чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў МЗС Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (СМЗС АДКБ).
На фота, размешчаным у Twitter беларускага знешнепалітычнага ведамства, відаць, што з самалёта ён выйшаў у джынсах і швэдры. Прадстаўнікі сустрэчнага боку быў у касцюмах.
Пасяджэнне СМЗС АДКБ пройдзе ў сталіцы Таджыкістана 19 траўня ў вочным фармаце. Мяркуецца, што "кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзяржаў – членаў АДКБ абмяркуюць стан і перспектывы развіцця міжнароднай і рэгіянальнай абстаноўкі і яе ўплыў на бяспеку дзяржаў – членаў арганізацыі", гаворыцца на сайце АДКБ.
Акрамя таго, міністры прымуць шэраг палітычных заяў – аб супрацоўніцтве АДКБ з міжнароднымі арганізацыямі, прадаўжэнні тэрміну дзеяння СНВ-3 і да 75-годдзя Прысуду Міжнароднага ваеннага трыбунала ў Нюрнбергу.
У беларускім МЗС паведамілі, што акрамя ўдзелу Макея ў СМЗС запланаваны таксама шэраг двухбаковых сустрэч. У АДКБ уваходзяць Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.