Уладзімір Пуцін адмаўляе, што займаецца адраджэннем імперыі
Кіраўнік Расіі кажа, што ў яго, наадварот, ёсць жаданне развіваць краіну ў сваіх межах.
Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў у інтэрв'ю французскім СМІ — тэлеканалу TF-1 і радыёстанцыі "Еўропа-1".
"Ні расійскі нацыяналізм мы не будзем падтрымліваць, ні імперыю не збіраемся адраджаць", — перадае РБК адказ Пуціна на пытанне наконт стратэгіі расійскага шляху развіцця.
Гаворачы пра сітуацыю ва Украіне, Пуцін яшчэ раз падкрэсліў, што расійскіх войскаў на Украіне няма. "Ніякіх узброеных сіл, ніякіх расійскіх інструктараў нават на паўднёвым усходзе Украіны няма. Не было і няма", — заявіў ён. Пуцін запэўніў, што Расія "ніколі не займалася і не займаецца дэстабілізацыяй сітуацыі ва Украіне".
Каментуючы сітуацыю з Крымам, ён заявіў, што жыхары Крыма "рэалізавалі права, прадугледжанае артыкулам першым статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, — права нацый на самавызначэнне".
Акрамя таго, у Расіі не было гарантый, што Украіна бліжэйшым часам не стане часткай NАТО, дадаў Пуцін. "У гэтых умовах дазволіць, каб гістарычная расійская тэрыторыя з пераважным этнічным рускім насельніцтвам сышла вось туды, у нейкі міжнародны ваенны альянс, пры тым, што самі жыхары Крыму хочуць быць часткай Расіі, — прабачце мне, па-іншаму мы проста зрабіць не маглі", — дадаў расійскі кіраўнік.
Фота — russian.rt.com