Уначы на Запарожскай АЭС быў бой, пасля якога тушылі пажар
Уначы 4 сакавіка на Запарожскай АЭС быў бой — Нацгвардыю Украіны, якая яе ахоўвае, атакавалі расійскія войскі. Каля станцыі загарэўся адзін з адміністрацыйных будынкаў. Ратавальнікі атрымалі доступ толькі пасля спынення баёў. Раніцай узгаранне было ліквідаванае. Інфармацыі пра ахвяр няма, паведамляе УНІАН.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце папярэдзіў свет пра жахлівыя наступствы, калі на станцыі адбудзецца выбух. У яго адбылася тэлефонная размова з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Апошні заклікаў Расію спыніць баявыя дзеянні ў раёне АЭС.
Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка ў начным звароце папярэдзіў пра пагрозу "маштабнай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва". Як вядома, Запарожская АЭС — найбуйнейшая ў Еўропе. Галушчанка нагадаў, што акрамя шасці энергаблокаў (працуе адзін з іх) на АЭС захоўваюцца каля 150 кантэйнераў адпрацаванага ядзернага паліва.
Аднак пажар не закрануў абсталяванне станцыі, радыяцыйны фон у норме.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заявіў, што дзеянні Уладзіміра Пуціна пагражаюць бяспецы ўсёй Еўропы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.